«Узяць адказнасць і адмяніць парад не маглі». Небяспечны дзіцячы парад 1986 года (унікальны фотарэпартаж)

| Гісторыя

Гомель 27 красавіка 1986 года. Звычайны цёплы ветраны выходны, на які прымеркаванае незвычайнае прыгожае мерапрыемства — абласны дзіцячы парад аркестраў. Дзеці ў парадных строях весела маршыруюць па галоўных вуліцах гораду, усміхаюцца на радасць мінакоў і сваіх бацькоў. Ніхто з удзельнікаў мерапрыемства нават не падазрае, што ў 140 кіламетрах ад Гомеля ў гэты час гарыць чацвёрты энергаблок Чарнобыльскай атамнай станцыі.  


Сямён Цалкін — прафесійны гомельскі фатограф, якога сёння назвалі б фрылансерам. Быў сябрам гомельскага фотаклубу «Палессе». Працаваў для розных гомельскіх выданняў Гомеля ў 1980-х — пачатку 1990-х гадах. Праз 34 гады ён падзяліўся якаснымі гістарычнымі здымкамі з «чарнобыльскага» параду аркестраў.


Фатограф Сямён Цалкін прыгадаў гэты дзень 27 красавіка 1986 года: «Гэта быў абласны парад дзіцячых аркестраў. На 95% яны былі складзеныя са школьнікаў. Не памятаю, каб такія парады праходзілі ў іншыя гады. Тады было шмат фатографаў, было тэлебачанне. Я прыйшоў здымаць мерапрыемства па сваёй волі, гэта не было звязана з заробкам. Я тады здымаў усе мерапрыемствы, якія праходзілі ў горадзе».


Сямён Цалкін (пасярэдзіне) сярод фатографаў, якія здымалі парад аркестраў 27.04.1986.
Фота Станіслава Анзэля

«Я не памятаю, пра што мы тады размаўлялі. Але ёсць фотаздымак, дзе мы ўсе ўсміхаемся. То бок, твары нармальныя, вясёлыя былі. Мы тады яшчэ нічога не ведалі. Даведаліся толькі ў маі», — распавядае Сямён.  

Уладзімір Басак — ліквідатар, які ў той час нёс службу ў міліцыі Гомеля, распавядае, што мясцовыя ўлады ведалі пра аварыю на АЭС: «Так, яны ведалі пра гэта. Але яны не маглі прадугледзіць, якія гэта магло мець наступствы. Нашыя гомельскія яшчэ не ўяўлялі маштабаў аварыі».

«Адбылася гэтая аварыя. Натуральна, калі гэта памежная тэрыторыя, то дзяжурныя ў памежных частках Брагіна, Хойнікаў, Нароўлі дакладвалі Ўпраўленню ўнутраных спраў. І наш генерал хадзіў праз Савецкую ў абкам зачытваў даклад па вобласці. Буйны пажар, выбух, працуе столькі та пажарных частак, усё паліваецца... І Камай, які быў у той час першым сакратаром абкама, і Слюнькоў — першы сакратар ЦК БССР, выхадзец з Гомельшчыны, яны яшчэ не ўяўлялі маштабаў катастрофы», — тлумачыць Уладзімір Басак.

Уладзімір Басак (у акулярах) стаіць у ачапленні на плошчы Леніна 1 мая 1986 года

Уладзімір падсумоўвае: «У савецкія часы і зараз засталася гэтая тэндэнцыя: «галоўнае не бударажыць народ», каб ніякай панікі! Інфармацыяй яны валодалі, але ўзяць на сябе адказнасць і адмяніць гэты парад музыкантаў не маглі, бо людзі палічылі б, што адбываецца нешта сур'ёзнае». 

Лёс дзяцей, якія выйшлі на небяспечны парад у Гомелі, нам невядомы. Магчыма вы пазналі сябе на здымках?

Сяргей Ляпін
Флагшток


Заводам кіраваў працоўны, а вышэйшыя партыйныя чыноўнікі рэціраваліся праз задні ход. Страйк на Гомсельмашы ў 1990 годзе

| Гісторыя

У 1990 годзе ў Гомелі прайшла адначасовая забастоўка некалькіх буйных прамысловых прадпрыемстваў. Флагшток расказвае пра тое, як такое стала магчыма ва ўмовах аўтарытарызму.