Нядаўна паэт і праваабаронца Сяргей Сыс нагадаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку пра свайго вядомага калегу палітвязня Алеся Бяляцкага, які сёння знаходзіцца за кратамі па палітычна матываванай справе. Сяргей Сыс прыгадаў успаміны Бяляцкага пра першага гомельскага партызана, які напісаў у 1983 годзе на тэлефонай будцы ў Гомелі «Жыве Беларусь!». Першы гомельскі партызанінг натхніў маладых Бяляцкага і Сыса — яны вырашылі працягнуць справу невядомага гомельца.
Алесь Бяляцкі
Друкуем успаміны Алеся Бяляцкага пра тую падзею. Успаміны былі напісаныя праваабаронцам яшчэ ў 2011 годзе, калі ён першы раз знаходзіўся за кратамі па палітычнай справе.
З успамінаў Алеся Бяляцкага «Халоднае крыло над маладымі галовамі»
Мы — не адныя
У 1983 годзе, дзесьці позняй вясною, прыбег да нас у 61-ю кватэру гомельскага інтэрната кватэрнага тыпу, дзе жылі і вучыліся тады ва ўніверсітэце я і Эдзік Акулін, вяртлявы, як ртуць, Сяржук Сыс. Мы былі тады ўжо на чацвёртым курсе і жылі разам з чатырма гісторыкамі-першакурснікамі і адным эканамістам. А Сяржук пасля войска працаваў грузчыкам на кандытарскай фабрыцы «Спартак», якая месцілася насупраць нашага інтэрната, на другім баку вуліцы Савецкай…
Анатоль Сыс, Алесь Бяляцкі, Уладзімір Някляеў, Эдуард Акулін. Гомель, 1980 год
І вось у гэтую нашу беларускую хату прыбег з ашалелымі вачыма і з заклапочаным, трохі блазнаватым выразам на худым і смуглявым твары наш сябра Сяржук Сыс. Усхваляваным, перасякаючымся голасам ён сказаў: «Я зайшоў у тэлефонную будку патэлефанаваць, а там ручкаю напісана: “Жыве Беларусь!”».
Тэлефонныя будкі Гомеля, 1980-я гады. Фота: Сямён Хейфец
Я напачатку не паверыў яму. Не можа быць, каб у нашым цалкам зрусіфікаваным Гомелі, дзе непадкантрольнае камуністамі беларускае жыццё ў асноўным і варылася вакол нашага асяродку, знайшоўся яшчэ хтосьці, хто ведаў, ШТО ГЭТА ТАКОЕ — «Жыве Беларусь!». Напісаць такое ў тагачасным Гомелі было раўназначна дыверсіі. Адна справа – патаемна раздрукоўваць з фотастужак, узятых у Вінцука Вячоркі і прывезеных мной з Мінска, здымкі, на якіх былі працы Міколы Ермаловіча, ці Ігната Абдзіраловіча, ці заходнебеларускія часопісы 30-х гадоў «Шлях моладзі» і «Калоссе», і даваць іх пачытаць знаёмым студэнтам, іншая справа — выйсці вось так і адкрыта напісаць: «Жыве Беларусь!».
Гомель, 1986 год. Фота: Сяргей Зяноўеў
Але яшчэ больш моцна мяне ўразіла тое, што ў Гомелі знайшоўся яшчэ хтосьці, хто жыў на адной з намі хвалі. Было ўжо позна, гадзін мо дзесяць вечара, я падхапіўся, як ашпараны, і мы пабеглі на вуліцу да той будкі з гэтым неверагодным надпісам.
Гомель, 2020 год
Па дарозе я не раз перапытваў у Сержука, ці не разыграў ён мяне і ці не напісаў гэты надпіс сам. «Ды не!» — шумна абураўся Сяржук. І вось я стаю ў тэлефоннай будцы на вуліцы Савецкай, бліжэй да цэнтра, чытаю гэты выразны, зроблены шарыкавай ручкай надпіс, і хваля шчасця і поўнага захаплення агортвае мяне з галавы да ног: «Мы не адныя!» Ніколі ў жыцці я не адчуваў такога ўздыму і, як цяпер гавораць, — кайфу. «Мы павінны пакінуць пазнаку пра сябе, — паведамляю я Сержуку, — каб і яны ведалі, што яны не адныя, што і ў іх ёсць аднадумцы».
Гомель, 2020 год
Мы ў цемры ўжо бяжым у інтэрнат, хапаем асадкі, выскокваем на Савецкую і метадычна абпісваем надпісам «Жыве Беларусь!» усе тэлефонныя будкі, якія сустракаюцца на нашым шляху. Эмоцыі і пачуцці б’юць з нас крыніцай. Мы, нібы шалёныя, носімся па горадзе і пішам, пішам…
Гомель, 2020 год
Назаўтра я вырашыў, што прыйшоў час дзейнічаць больш актыўна. Сяржук Сыс па маёй замове выразаў на цвёрдым аркушы паперы трафарэт з надпісам «Жыве Беларусь!», я купіў балончык з чырвонай аўтамабільнай эмаллю, а таксама пластмасавыя бутэлечкі з тушшу і пэндзлі.
Гомель, 2021 год
Неўзабаве ўвечары я і падбіты і разагітаваны Толік Казлоў, яшчэ адзін наш сябра, захапіўшы пэндзлі і гуаш, выйшлі «на справу» ў гомельскі парк. Была позняя цёплая вясна. Вечарэла. Зялёная лістота, трава, кветкі ўкрывалі ўвесь парк. Мы хадзілі па парку і шукалі зручнае месца, дзе б нам напісаць чароўныя і запаветныя словы. Урэшце спыніліся на драўлянай лесвіцы, якая сыходзіла з высокага парку на бераг Сожа. Сходы былі высокія, з парэнчамі, яны перабіваліся драўлянымі пляцоўкамі для адпачынку. Мы пачалі з долу, падымаючыся ўгору, абпісваць прыступкі і пляцоўкі чырвонай гуашшу: «Жыве Беларусь!», «Жыве Беларусь!».
Гомель, 2021 год
І толькі мы напісалі апошні лозунг, толькі склалі свае прылады працы ў торбу, як на сцежцы, якая ішла з парку да лесвіцы, проста на нас з-за густых кустоў бэзу выйшаў міліцэйскі нарад. Сэрца ў мяне адчайна забілася, кроў прыліла да галавы. Няўжо яны заўважылі? Няўжо нас зараз затрымаюць? Але ўсё абышлося. Міліцыянты павярнулі на іншую сцежку і пайшлі ўздоўж стромкага берага. А мы перавялі дух.
Гомель, 2020–2021 гады
Наступны раз мы выйшлі з Сержуком Сысам у горад і каля інтэрната ў цэнтры Гомеля праз трафарэт на сцяне дома напырскалі надпіс «Жыве Беларусь!»…
14.09.2011, Валадарка
Адрас для ліставання Алесю Бяляцкаму,
СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Флагшток