БАЖ патрабуе вызваліць калег і пераглядзець адміністрацыйныя справы. ЗАЯВА

| Навіны

1 і 12 мая суды ў Магілёве і Глыбокім пакаралі журналістаў, сябраў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алеся Асіпцова, Міхаіла Аршынскага, Аляксандра Буракова і Змітра Лупача адміністрацыйным арыштам на 10 сутак за нібыта ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту, якія асвятлялі рэпарцёры. Таксама адміністрацыйныя арышты атрымалі блогеры і ўдзельнікі мерапрыемстваў, якія давалі інтэрв’ю.


ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” рашуча пратэстуе супраць прыцягнення калег да адміністрацыйнай адказнасці. 

Закон Рэспублікі Беларусь “Аб СМІ” дае права журналістам прысутнічаць на масавых мерапрыемствах, у раёнах надзвычайных сітуацый, у месцах грамадска важных падзеяў і перадаваць адтуль інфармацыю. Такім чынам, журналісты мелі права прысутнічаць на акцыях і выконваць там сваю працу. 

Прыцягненне журналістаў да адказнасці за выкананне імі прафесійных абавязкаў выклікае рашучы пратэст прафесійнай супольнасці. Асаблівым здзекам лічым прымяненне ў якасці пакарання адміністрацыйнага арышту ў перыяд пандэміі каранавіруса, што ставіць пад сур’ёзную небяспеку здароўе калег. 

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” патрабуе тэрміновага перагляду адміністрацыйных спраў журналістаў і іншых асобаў, якія былі прыцягнутыя да адказнасці за выказванне меркавання, і іх неадкладнага вызвалення.   

12 мая 2020 года, Праўленне ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Рэдакцыя сайта "Флагшток" далучаецца да заявы БАЖ і патрабуе неадкладнага вызвалення журналістаў. 

Флагшток