Белгазпрамбанк адключыў сэрвіс МолаМола, які збіраў грошы медыкам і ахвярам рэпрэсій

| Навіны

Прыпыненне работы пляцоўкі МолаМола было зафіксавана ўвечары 11 чэрвеня. Адбылося гэта на фоне ператрусаў у офісе Белгазпрамбанка ў Мінску, якім раней кіраваў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка. Як паведамляе сэрвіс МолаМола, магчымасць ажыццяўляць пераводы аўтарам кампаній заблакаваная з боку банка.  

Сітуацыю Флагштоку пракаментаў гомельскі каардынатра валанцёрскай кампаніі ByCOVID-19 Андрэй Стрыжак.


«Гэта вельмі вялікая страта праз тое, што МолаМола стала пляцоўкай, дзе зараз вельмі шмат розных кампаній. І гэта не толькі валанцёрскія кампаніі, звязаныя з ByCOVID, — гэта хворыя на анкалогію, гэта прытулкі для жывёлаў, гэта людзі, якія апынуліся ў цяжкіх сітуацыях і збіраюць для вырашэння сваіх праблем. Напрыклад, збіраюць на лекі дзецям. Бачыў там збор сродкаў на ноўтбук анкахворага для працы на даму.

І я ўпэўнены, што каманда МолаМола знойдзе магчымасць выйсці з гэтай сітуацыі, знайсці новы банк ці зрабіць новую сістэму, якая будзе прымаць гэтыя ахвяраванні. Але тое, што гэта адбылося менавіта зараз, гэта вельмі вялікая праблема. Зараз сотні збораў фактычна прыпыненыя. І складана сказаць, колькі часу зойме аднаўленне працы.

Альтэрнатывай сёння застаюцца электронныя пераводы праз нумар банкаўскай карты ці на нумар паштовага пераводу, нумар тэлефона .Таму ўсё роўна мы ў папяровыя грошы пакуль не вымушаныя сыходзіць. Пакуль ёсць інтэрнэт, ён адкрыты, ёсць шмат розных пляцовак, на якіх можна размяшчаць інфармацыю і ў Фэйсбук і ў Інстаграм, і іншыя розныя пляцоўкі.

Зараз мы згубілі вельмі важны інструмент. Але гэта не значыць, што сама ідэя фандрайзінга будзе спыненая ў Беларусі. Любая праблема можа быць успрынятай і як катастрофа, і як выклік. Гэтая сітуацыя паказала, на колькі важна мець розныя магчымасці, розныя кропкі збору людзей у інтэрнэце. Таму я думаю, што інтэрнэт хутка дасць адказ на гэтае пытанне і МолаМола вернецца, і будзе гэта яшчэ адзін канал камунікацыі».


Флагшток