Цела забітай пад Кіевам дзяўчынкі, якую амаль 2 гады шукала ўся Украіна, было ў Мазыры

| Навіны

Дзяўчынку, якую амаль два гады шукала ўся Украіна, знайшлі мёртвай. 15-гадовая Арына Яцюк была параненая расійскімі салдатамі яшчэ 3 сакавіка 2022 года на Жытомірскай трасе, калі яе сям'я спрабавала вырвацца з акупацыі. Аказваецца, цела Арыны Яцюк увесь час знаходзілася ў Беларусі.

Пра гэта таксама паведамляў Флагшток: бацькі дзяўчынкі загінулі на месцы, калі спрабавалі выехаць у больш бяспечнае месца. А параненую Арыну расіяне забралі нібыта для лячэння. З тых часоў пра яе нічога не было вядома.




Беларусь хавала смерць украінскай дзяўчынкі?


Гісторыю распавядае "Новы час" са спасылкай на OBOZ.UA. У кастрычніку родныя 15-гадовай Арыны Яцюк нарэшце змаглі пахаваць яе ва Умані Чаркаскай вобласці, побач з забітымі расійскімі салдатамі мамай і татам.

Усе гэтыя амаль два гады дзядуля і бабуля, дзядзька і цётка вельмі спадзяваліся, што Арына жывая. Яны адгукаліся на найменшую інфармацыю пра невядомае дзіця, што было вывезенае ў Беларусь.

Але надзеі былі марныя. Усе гэтыя доўгія месяцы цела Арыны знаходзілася ў моргу горада Мазыр у Беларусі.

Сваякі пісалі шмат запытаў у Беларусь, паколькі была інфармацыя, што менавіта туды павезлі параненую дзяўчынку. Але кожны раз ім прыходзіў адказ, што Арыны Яцюк на тэрыторыі Беларусі няма ні сярод жывых, ні сярод мёртвых.

Да таго часу, пакуль цела дзяўчынкі не перадалі ва Украіну па абмене. Яе апазналі ўжо па ДНК.


Мама крычала, што ў машыне дзеці


Трагедыя адбылася 3 сакавіка 2022 года. Сям'я Яцюк — мама Ганна, тата Дзяніс, 9-гадовая Валерыя і 15-гадовая Арына —  у першыя дні ўварвання расіян ва Украіну выехалі з Кіева на лецішча ў вёску Севярынаўка Кіеўскай вобласці.



Арына Яцюк


Акупантаў там яшчэ не было, чутная была страляніна ў суседняй вёсцы Матыжын, над галавой нешта пралятала. Сям'я хацела пераседзець на лецішчы, пакуль усё не супакоіцца. Але ўжо 2 сакавіка з імі знікла сувязь.

Як распавяла потым валанцёрам малодшая дачка Валерыя Яцюк, якая выжыла, ужо 3 сакавіка бацькі наважыліся выбірацца з Севярынаўкі ва Умань да бабулі і дзядулі. Яны селі ў дзве машыны. Валерыя ехала з мамай, а Арына – з татам. Яшчэ з імі былі хросныя, а таксама кошкі і сабакі.

Калі аўтамабілі выехалі на Жытомірскую трасу, па іх адкрылі агонь расійскія вайскоўцы. Мама дзяўчынак крычала ім, каб яны не стралялі, бо ў машыне дзеці. Аднак гэта не спыніла рускіх салдат.

Валерыя спрабавала выклікаць хуткую дапамогу з мамінага тэлефона, цяжка параненая Ганна яшчэ здолела ўвесці свой код у тэлефон. Але датэлефанавацца не атрымалася. Дзяўчынка некалькі гадзін блукала ў акрузе, стукалася ў дамы, але ёй ніхто так і не адкрыў.

Па трасе праязджалі расійскія танкі, яна хавалася. А потым яна знайшла машыну бацькі. Дзяніс быў ужо мёртвы, побач сядзела Арына, яна была параненая ў сцягно. Па словах Валерыі, на назе ў сястры была вялікая і страшная бурбалка.


Арыну павезлі «лячыць» у Беларусь


Неўзабаве да машыны пад'ехалі расійскія вайскоўцы на танках. Яны пасадзілі сясцёр у розныя машыны. Валерыю яны давезлі да вёскі Капылоў і аддалі незнаёмым мясцовым жыхарам. А пра Арыну сказалі, што павязуць лячыць у Беларусь. Пасля гэтага Арына знікла.



Сям'я Яцюк, засталася жыць толькі малодшая Валерыя


6 красавіка 2022 года, пасля вызвалення Кіеўскай вобласці, бацькоў дзяўчынак пахавалі ў Умані. А Арыну працягвалі шукаць. Родныя давалі аб'явы ў сацсетках.

Родны брат Дзяніса Уладзімір з жонкай Аксанай падавалі запыты ў МЗС Беларусі. Адтуль прыйшоў адказ, што такой дзяўчынкі ў Беларусі няма.

Сваякі звязваліся з украінскім пасольствам у Беларусі, з Чырвоным Крыжам. Але ніякай інфармацыі пра Арыну не знаходзілася.


Увесь гэты час цела дзяўчынкі ляжала ў Мазыры


«Увесь гэты час цела ўнучкі ляжала ў Мазыры. Там былі даныя, як яе завуць. Але нам ніхто нічога не казаў, усе хавалі. Напэўна, яна памерла ў той жа дзень, 3 сакавіка. Калі б ёй адразу аказалі дапамогу, перавязалі нагу, можа, яна засталася б жывая. Яе цела перадалі па абмене, яе апазналі па ДНК. Усё, больш яе няма», — распавядае дзядуля Валянцін Іванавіч.


Арыну пахавалі ў Умані побач з мамай і татам. Засталася толькі малодшая сястра Валерыя, якой цудам удалося ацалець пад кулямі расіян. Цяпер яна знаходзіцца ў Польшчы разам са сваім дзядзькам Уладзімірам (братам загінулага Дзяніса) і яго жонкай Аксанай.

Там дзяўчынка ўжо пайшла ў школу, ёй вельмі падабаецца Польшча.