Аматары чыгуначнага транспарту з Украіны падзяліліся свежымі здымкамі цеплавоза, які раней належыў гомельскаму лакаматыўнаму дэпо. Гэта цеплавоз 2ТЕ10УК-0227 — адзін з трох беларускіх лакаматываў, канфіскаваных Украінай у 2022 годзе пасля расійскага ўварвання.
Фота: instagram.com/_ivan_patsan_
Паводле допісаў аматараў чыгуначнага транспарту, былы гомельскі цеплавоз забяспечвае новыя пасажырскія рэйсы «Харкаў — Варохта» і «Запарожжа — Ясіня»: возіць пасажыраў у Карпаты з гарадоў на ўсходзе Украіны, якія па-ранейшаму церпяць ад рэгулярных расійскіх абстрэлаў. А ўпершыню гомельскі цеплавоз трапіў у Карпаты год таму.
Фота: instagram.com/nikolyauzua
Фота: instagram.com/nikolyauzua
Да канфіскацыі гэты цеплавоз, як і два іншых лакаматывы, быў задзейнічаны ў грузавых саставах: ажыццяўляў рэгулярныя перавозкі тавараў, у тым ліку гаруча-змазачных матэрыялаў, з Украіны ў Беларусь. У 2022 годзе ўсе тры цеплавозы пачалі выкарыстоўвацца Расіяй падчас ўварвання ва Украіну — перавозілі гаруча-змазачныя матэрыялы для забеспячэння арміі РФ. Да такой высновы прыйшлі ўкраінскія следчыя.
Раней «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» паведамляла пра тое, што гомельскія цеплавозы, канфіскаваныя па рашэнні суда, прайшлі неабходнае тэхнічнае абслугоўванне і ўжо выкарыстоўваюцца для перавозкі грузаў па ўкраінскай чыгунцы. А да канфіскацыі лакаматывы былі мадэрнізаваныя за кошт выдзеленых БЧ крэдытаў. Арыенціровачны кошт мадэрнізацыі аднаго цеплавоза для Беларускай чыгункі каштаваў 400 тыс. даляраў.
Цікава, што ўсе тры лакаматыва першапачаткова прыбылі з Украіны — яны выпушчаны на Луганскім цеплавозабудаўнічым заводзе ў 1990–1991 гадах.