Як паведамляе Наша Ніва, падсудны — Алег Гарэлаў. Ён выпускнік камерцыйнага факультэта Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі. У «нулявыя» Алег Гарэлаў мог працаваць ва ўпраўленні па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС. Прынамсі чалавек з такімі ж імем і прозвішчам актыўна даваў каментары раёнкам з рознай нагоды, але перастаў каля 2009 года.
Алег Гарэлаў падчас працы ў «Дэльта Банку» (фота: kp.ru)
У 2010-х ён працаваў у Дэльта-Банку і ўзняўся там да начальніка Цэнтральнага банкаўскага ўпраўлення. Банк збанкрутаваў у 2015. Імаверна, пасля гэтага Гарэлаў перайшоў у Белінвестбанк.
Алег Гарэлаў (фота: belinvestbank.by)
Там Гарэлаў дарос да кіраўніка дырэкцыі Белінвестбанка па Гомельскай вобласці. Апошняя навіна пра яго датуецца лютым 2023. А ў снежні 2023 кіраўніком замест яго назначылі Паўла Юркаўца, былога кіраўніка Белінвестбанка па Мазыры.
Суд над Алегам Гарэлавым пачаўся 8 лютага ў Гомельскім абласным судзе. Яго вінавацяць па трох артыкулах: «атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры» (ч. 3 арт. 430), «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130) і «незаконныя выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка наркатычных рэчываў без мэты распаўсюду» (ч. 1 арт. 328). Яму пагражае да 15 гадоў турмы.
Нагадаем, праблемы ў Белінвестбанка пачаліся ў красавіку 2022-га, калі быў затрыманы былы кіраўнік «Белінвеста» Андрэй Брышцелеў. Суд на ім пачаўся ў снежні 2023 года. Банкіра судзілі за атрыманне хабару — ён дапамог бізнэсоўцу узяць крэдыт, які той не мусіў атрымліваць згодна з банкаўскімі пратаколамі.