Генадзь Салавей абяцае дабудаваць магістраль “Усходні абыход”. У доўгатэрміновай перспектыве

| Навіны

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей анансуе завяршэнне будаўніцтва транспартнага праекту “Усходні абыход”. У анонсе праграмы “Дыялог” дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Гомель” галоўны гомельскі чыноўнік абяцае вырашыць праблему транспартнай перагружанасці цэнтра Гомеля.  


Генадзь Салавей. Фота: zviazda.by

“Мы выдзелілі ў кожным рэгіёне бюджэт развіцця, каб ён мог зняць тую ці іншую праблему. Канешне, асноўны напрамак для горада Гомеля — гэта “Усходні абыход”. Яго ўсе абмяркоўваюць не першы год. Будаўніцтва было пачатае, прэзідэнт нас падтрымаў, сказаў, што падтрымка будзе забяспечаная. Для чаго нам патрэбны “Усходні абыход”? Мы, канешне, разгрузім цэнтр горада, таму што транспартнае спалучэнне праходзіць практычна праз яго”, — зазначыў Генадзь Салавей у межах інтэрв’ю у праграме “Дыялог”. Пра канкрэтныя тэрміны рэалізацыі маштабнага транспартнага праекта высокапастаўлены чыноўнік  больш падрабязна не выказаўся.  

Замарожанае будаўніцтва аўтамагістралі "Усходні абыход". Фота: nashkraj.info

Даведка “Флагштока”:  

Упершыню пра аўтамагістраль “Усходні абыход” згадалі ў канцэпцыі генеральнага плана Гомеля 1977 года. Вярнуліся да ідэі рэалізацыі праекта ў генплане 2011 года, калі ў Гомелі былі вызначаныя месцы для размяшчэння трох вялікіх жылых раёнаў са шматпавярховай і сядзібнай забудовай. Гэта “Бярозкі”, “Раманавічы” і “Бабовічы”. Усе гэтыя новыя раёны Гомеля былі звязаныя з цэнтральнай часткай горада буйнымі магістралямі. А каб забяспечыць сувязь паміж імі, у праекце прадугледзелі кальцавую магістраць вакол асноўнага гарадскога ядра.  

Агульны кошт "Усходняга абыходу" складае амаль 200 млн USD.


Флагшток