Ураджэнец Гомеля Дзмітрый Гарэлька раптоўна памёр у Польшчы. Гэта здарылася на месцы ягонай працы ў Варшаве, паведамляе выданне Штодзень. Літаральна 19 ліпеня гомельцу споўнілася 42 гады.
Скрыншот відэа YouTube
Дзмітрый вядомы тым, што актыўна ўдзельнічаў у пратэстах у Гомелі ў 2020 годзе, быў асуджаны і стаў адным з першым, супраць каго працавала прапаганда — у міліцэйскім відэа, якое распаўсюдзіла дзяржаўная прэса, яго спрабавалі ачарніць і прадстаўлялі крымінальнікам.
Дзмітрый з нацыянальным сцягам узначальваў невялікую калону моладзі і некалькіх футбольных фанатаў падчас аднаго з маршаў, якія праводзілі ў будзённыя дні — у перапынках паміж масавымі акцыямі па нядзелях.
Скрыншот відэа YouTube
Ужо на той час Дзмітрый працаваў у Польшчы дальнабойшчыкам. У 2020 годзе ўключыўся ў палітычную дзейнасць і пачаў актыўна посціць на сваёй старонцы ў Фэйсбуку звесткі пра фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў і пратэсты. З'яўляўся прыхільнікам Сяргея Ціханоўскага.
Пасля адной з акцый яго судзілі — сведкі сцвярджалі, што Дзмітрый быў траўмаваны, на судзе ў яго была забінтаваная рука.