Дзеці з чарнобыльскіх рэгіёнаў сёлета могуць не ўбачыць Італію

| Навіны | 0

Сёлета ўпершыню за многія годы Італія можа не прыняць на аздараўленне беларускіх дзяцей з чарнобыльскіх рэгіёнаў. На Апенінскай паўвыспе ў сувязі з напружанай эпідэміялагічнай сітуацыяй дагэтуль забаронены прыезд турыстычных груп з іншых краінаў.



Жыхарка мястэчка Церахоўка Добрушскага раёна Клаўдзія Варанец з сярэдзіны 1990-х гадоў арганізоўвае і суправаджае групы дзяцей з Гомельшчыны ў паездках у Італію. За чвэрць стагоддзя разам з валанцёркай з’ездзілі на адпачынак каля 1 тысячы дзетак. Новая група збіралася ехаць у чэрвені гэтага году, але італьянцы не па сваёй віне вымушаныя адмовіцца ад прыёму маленькіх “чарнобыльцаў”. “Нашыя італьянскія сябры вельмі перажываюць па прычыне таго, што скасавалі прыезды беларускіх дзетак. Але вы пастаўце сябе на іх месца, яны ж адказваюць за іх здароўе і жыцці…”, — гаворыць Клаўдзія Варанец.


Клаўдзія Варанец з групай дзяцей на аздараўленні ў Італіі, кастрычнік 2019 года

Чарнобыльскі ліквідатар, перакладчыца і валанцёрка Клаўдзія Варанец распавяла “Флагштоку” пра тое, ці адновяцца ўвогуле паездкі дзяцей з Гомельскай вобласці ў сонечную Італію.


Пра стаўленне да эпідэміі ў беларускай глыбінцы

Ад пачатку сакавіка мы з мужам пачалі выконваць захады па індывідуальнай бяспецы ў звязку з каронавірусам. Усю інфармацыю пра тое, як трэба сябе паводзіць і чаго не варта рабіць, нам у аператыўным парадку распавядалі нашыя італьянскія сябры. Так сталася, што мы вывозілі дзяцей у мясцовасць, якая стала эпіцэнтрам эпідэміі covid-19 у Італіі (Паўночная Італія, Ламбардыя). Нам дасылалі слайды з інструкцыямі, як сябе паводзіць. І мы гэтымі дадзенымі дзяліліся з суседзямі і мясцовымі лекарамі. Пераконвалі людзей, каб яны хаця б маскі пачалі насіць. Спачатку нас увогуле не слухалі, глядзелі як на дзівакоў. Прыгадваю размову з адной медсястрой. Калі нават загадаў ёй галоўны лекар прымаць меры бяспекі, яна мне сказала: “Ай, не буду надзяваць. Фіг з ім…”. А я ёй патлумачыла, што гэта не толькі для кагосьці трэба, а ёй, як бабулі, у якой унукі маленькія, патрэбна ў першую чаргу пра сябе думаць. Цяпер такога няма. У нас усе лекары ў масках, нават траціна вяскоўцаў, калі сустрэнеш на вуліцы, надзяваюць на сябе маскі.


Пра страты італьянцаў з Бергама

Мы шмат гадоў ездзім у горад Каругатэ (правінцыя Мілан, вобласць Ламбардыя). Мая знаёмая італьянка адтуль гаварыла, што вельмі сільна пацярпелі насельнікі дамоў састарэлых, многія пажылыя італьянцы памерлі. Стрыечны брат іншай італьянскай валанцёркі, якому, дарэчы, усяго 40 гадоў, быў вельмі ў цяжкім стане. Яго авіяцыяй дастаўлялі ў горад Кома на поўначы Італіі, таму што ў ваколіцах Бергама для хворых проста не было вольных месцаў у бальніцах. Думаю, што гэта паказнік сур’ёзнасці сітуацыі. У дваіх іншых людзей, якія прымалі нашых дзяцей, таксама быў ковід, але яны, на шчасце паправіліся. У цэлым, калі казаць пра Бергама, то там практычна не засталося ніводнай сям’і, якую не закранула тое гора.


Пра важнасць аздараўлення беларускіх дзетак у Італіі

Важна тое, што мы вывозім нашых дзяцей у “чыстую зону”, дзе яны дыхаюць свежым паветрам, ядуць экалагічную прадукцыю, спажываюць гародніну і садавіну. Калі беларускія дзеці едуць туды, яны ўсе бледныя, іх ванітуе ў самалётах і аўтобусах. Назад мы прывозім іх румяных, загарэлых, акрэплых, нікога з іх на зваротным шляху не ванітуе. Акрамя гэтага, не трэба забываць пра матэрыяльную дапамогу. Многа дзяцей ужо выраслі, ва ўніверсітэты паступілі, у некаторых свае малыя з’явіліся, а італьянцы працягваюць іх падтрымліваць (плацяць за навучанне, прысылаюць якую капейчыну, дасылаюць падарункі). Дзякуючы нашым італьянскім знаёмым мясцовая бальніца ў Церахоўцы атрымала бясплатна дзве машыны хуткай дапамогі, дарагое і сучаснае абсталяванне для медыкаў (лазеры, апарат для УВЧ-тэрапіі, печка для плаўкі парафіну, пральныя машыны ў дом састарэлых, прынтары, кампутары...). Калі можна было прывозіць лекі імпартныя, то дастаўлялі таблеткі і антыбіётыкі. І ўсе гэтыя добрыя справы італьянцы робяць бескарысліва. Дарэчы, за кожнага беларускага дзіцёнка італьянскія сем’і са свайго бюджэта плацяць 500 еўра, дадайце сюды яшчэ выдаткі на харчаванне, вопратку, сувеніры і турыстычныя паездкі. Ніякая дзяржава альбо фонды гэтыя сумы не кампенсуюць.


Група італьянскіх валанцёраў перадае машыну хуткай дапамогі бальніцы ў Церахоўцы 




Ці паедуць дзеці з Гомельшчыны сёлета ў Італію?

Мы павінны былі ў гэтым годзе двойчы вывозіць дзяцей на аздараўленне: у чэрвені і ў кастрычніку. У чэрвені мы дакладна ўжо нікуды не едзем. Кастрычнік — пад вялікім пытаннем, але мне здаецца, што і ўвосені нічога не зменіцца. Таму што я размаўляла з адказнай жанчынай з італьянскага боку, яна мне паведаміла, што ў канцы сакавіка павінен быў адбыцца сход, на якім італьянцы павінны былі вырашыць пытанне наконт прыезду беларускай групы ў кастрычніку. Але сустрэча па зразумелых прычынах не адбылася. Італьянскія валанцёры хацелі бы запрасіць беларусаў у госці, але, вы ж самі разумееце, гаворка ідзе пра дзяцей, прычым чужых дзяцей. Яны баяцца за іх здароўе. Думаю, што са спадам эпідэміі будуць тыя, хто не наважыцца прымаць у госці беларусаў, але большасць з радасцю зноў будзе чакаць сваіх сяброў. Ведаю, што італьянцы цяпер тэлефануюць у беларускія сем’і і плачуць, гавораць: “Мы так хочам сустрэцца з Вамі…”


“Калі мы дапамагаем, мы становімся шчаслівейшымі”

Быў перыяд, калі мы з маім мужам Адамам вывозілі дзяцей на аздараўленне. Ён — у Германію і Швейцарыю, я — у Італію. Аднак усе дзеці хацелі ехаць чамусьці менавіта ў Італію. Калі я запытвала ў італьянскіх сем’яў пра тое, чым яны кіруюцца, калі запрашаюць беларускіх дзетак да сябе ў госці (гэта ж так накладна ў фінансавым плане, вялікая адказнасць, клопаты і гэта далей), яны мне адказвалі: “Мы народ такі, які любіць дапамагаць. Акрамя гэтага, беларусы — такія добрыя і шчырыя, як і мы, італьянцы. Нам лепш, калі мы дапамагаем камусьці, мы сябе адчуваем шчаслівейшымі…”

Фота з архіву Клаўдзіі Варанец.

Мікола Бянько

Флагшток