Украінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў пракаментаваў у эфіры «УНІАН» апошні звесткі з фронту, а таксама паведамленні маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», якая праінфармавала пра ўзмоцненыя авіятрэніроўкі адразу на пяці аэрадромах, куды прыбылі пілоты з РФ. Таксама паведамлялася пра дадатковую зону абмежавання палётаў у Беларусі.
Паводле эксперта, гэта можа сведчыць аб падрыхтоўцы да наступу:
«Аднак вяртанне тактычнай авіяцыі не зусім зразумела, бо тыя ракеты, якія можа браць на борт знішчальнік-бамбардзіроўшчык — тактычная авіяцыя — маюць дальнасць усяго ад 75 да 110 кіламетраў. Калі яны рызыкнуць уваходзіць у нашу паветраную прастору — пры той шчыльнасці СПА, якую мы стварылі сёння, то гэта будзе квіток у адзін канец. Таму не зусім зразумела — чаму тактычная авіяцыя».
Тое, што можа прымяняць ракеты вялікай дальнасці, напрыклад, Х-22 на 600 кіламетраў, — гэта ўжо стратэгічная авіяцыя, Ту-22М3 — яны не перакідваюцца, адзначае эксперт. На ягоную думку, хутчэй за ўсё, іх будуць задзейнічаць з тэрыторыі РФ.
Алег Жданаў
У той жа час ён падкрэслівае:
«Я б болей перажываў наконт брыгад Іскандэраў, якія размешчаны ўздоўж межаў Украіны, літаральна 40-50 кіламетраў з гатоўнасцю да пуску ракет — а гэта дальнасць да 500 кіламетраў. Гэта нас павінна больш за ўсё непакоіць».
Нагадаем, раней паведамлялася аб размяшчэнні расейскіх Іскандэраў у Беларусі ля мяжы з Украінай.