Асобныя работнікі прадпрыемстваў Гомельшчыны падтрымалі Нацыянальную забастоўку, якую абвясціла Святлана Ціханоўская. Першымі пра падтрымку, 26 кастрычніка, абвесцілі работнікі рэчыцкага Ўпраўлення прамыслова-геафізічных работ РУП «Беларуснафта». У сваім відэазвароце яны паведамлялі:
«Мы супраць гвалту і беззаконня, якое робіцца ў краіне. Мы далучаемся да рэспубліканскай забастоўкі».
Нафтавікоў з відэазвароту звольнілі. З-за пераследу некаторым з іх прыйшлося пакінуць краіну.
Працаўнік БМЗ у Жлобіне Сяргей Анісімаў
29 кастрычніка пра страйк абвесціў працаўнік БМЗ у Жлобіне Сяргей Анісімаў. У сваім відэазвароце ён заявіў:
«Я стаміўся ад несправядлівасці, беззаконня, якое адбываецца ў нашай краіне. Я не магу далей працаваць, ведаючы, што за мае падаткі аплачваюць рэжым, аплачваюць незаконныя дзеянні. Я не магу заставацца ў баку».
Сёння раніцай, 30 кастрычніка, работніка БМЗ Сяргея Анісімава звольнілі.
Слесар-рамонтнік БМЗ Аляксей Аўдзееў
Нягледзячы на звальненне калегі, сёння, 30 кастрычніка, да страйку далучыўся супрацоўнік БМЗ слесар-рамонтнік Аляксей Аўдзееў. Ён таксама запісаў відэазварот:
«Я не магу больш глядзець, як нашы грамадзяне змагаюцца супраць гэтай сістэмы, а мы іх не падтрымліваем. Я прашу вас падтрымаць мяне і ўсіх беларусаў, якія абвясцілі пра страйк і ахвяруюць сабой у імя агульнай мэты».
Як паведамляе «Белсат», сёння, 30 кастрычніка, у 7.20 перад прахадной ААТ Мазырскі НПЗ пачалася акцыя неабыякавых завадчан.
Раней, 29 кастрычніка, аператар адной з установак Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Вячаслаў Астанін выйшаў да прахадной заводу з плакатам «Не сорамна перад Азотам?» На работніка склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
Флагшток