Свежы агляд старых аўто, што прадаюцца цяпер на Гомельшчыне, зрабіў Флагшток паводле актуальных абвестак на рэсурсе av.by. Практычна ўсю лінейку савецкіх олдтаймераў ГАЗ, Масквіч, ЗАЗ можна набыць у Гомельскай вобласці.
Калі пачаць з найтаннейшых рэтра-аўтамабіляў, то гэта «Масквіч 407» 1963 года выпуску. У абвестцы пазначана, што машына, на якой нават не памянялі савецкі рэгістрацыйны нумар, «заводзіцца, але патрабуецца замена мембраны на паліўнай помпе і манжэты тармазных цыліндраў». Заяўлены прабег — 150 тыс. кіламетраў, кошт — 2 250 рублёў (каля 700 даляраў).
Фота: cars.av.by
Найстарэйшы рарытэт — «Масквіч 400» 1952 году. У аб'яве сцвярджаецца, што 72-гадовае аўто мае толькі аднаго ўласніка і ўсяго 59 тыс. кіламетраў прабегу, а прадаецца «ў годным для сваіх гадоў стане». Абвестка вісіць з кастрычніка 2023 года, цяперашні кошт — 15,5 тыс. рублёў (4,8 тыс. даляраў).
Фота: cars.av.by
Ёсць сярод прапаноў і на два гады маладзейшая «Перамога» (ГАЗ М-20) па кошце 4,8 тыс. рублёў (1,5 тыс. даляраў) — аднак без рухавіка і каробкі перадач, таксама кузаў, калі меркаваць па фота, яўна патрабуе рамонту. Паводле аб'явы, у яе 50 тыс. кіламетраў прабегу.
Фота: cars.av.by
Найвышэйшы кошт у спісе старых гомельскіх аўто мае «ГАЗ 21» 1963 года — 38,7 тыс. рублёў (12 тыс. даляраў). У абвестцы гаворыцца, што машына захоўваецца ў гаражы, а эксплуатавалася толькі ў вяснова-летні перыяд і праехала 91 тыс. кіламетраў. Сцвярджаецца, што сам аўтамабіль, а таксама хром ў выдатным стане.
Фота: cars.av.by
Крыху меншы кошт мае аўто такой жа мадэлі на два гады маладзейшае з прабегам усяго 12 тыс. кіламетраў, аднак апісання ў абвестцы няма. Цікава, што аналагічная мадэль, старэйшая на адзін год, прадаецца ўдвая танней, але «мае нюансы».
Фота: cars.av.by
Увогуле, менавіта «Волга» гэтай мадэлі — найбольш распаўсюджаная сярод рэтра-аўто, якія прапануюць у Гомельскай вобласці.
Фота: cars.av.by
Што тычыцца, пазадарожнікаў, то ёсць дзве прапановы па «ГАЗ 69» па кошце прыблізна 25–30 тыс. рублёў (8–9,2 тыс. даляраў). Сцвярджаецца пра ідэальны стан абодвух аўто.