Суд Жлобінскага раёну 5 лютага вынес прысуд па крымінальнай справе за «масавыя беспарадкі» і «гвалт у дачыненні да міліцыі» супраць дваіх жыхароў Жлобіну, паведамляе Радыё Свабода.
Суд пастанавіў пакараць 18-гадовага Яўгена Каханоўскага пазбаўленнем волі на тры з паловай гады, а 21-гадоваму Дзмітрыю Гопту, у якога разумовая адсталасць, прысудзіў 2 гады калоніі.
Дзмітрыя ўзялі пад варту ў залі суду. Да прысуду Яўген быў пад вартай, Дзмітры — пад падпіскай, дома.
Дзмітры Гопта падчас працэсу
Справа тычылася падзей 10–11 жніўня ў Жлобіне, калі людзі выйшлі на плошчу і патрабавалі сумленных выбараў. Пасля жорсткага разгону шмат каго затрымалі. Маладых людзей абвінавачвалі ў тым, што ў ноч з 10 на 11 жніўня яны ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным мітынгу, перашкаджалі руху транспарту, свісцелі, выгуквалі лёзунгі, уцякалі ад міліцыі і кідалі камяні ў бок міліцыянтаў і транспарту праваахоўных органаў.
Міліцыянты пашкоджанняў не атрымалі, але вайсковец унутраных войскаў часткі № 5525 Аляксандар Блыха праходзіў па справе як пацярпелы. На судзе ён паведаміў, што ў бок яго і таварышаў па службе ляцелі камяні і бутэлькі, якія «маглі прычыніць калецтва ці гібель».
Маці абвінавачанага Яўгена Каханоўскага Алеся і ягоны адвакат Сяргей Красноў
Яўген Каханоўскі заявіў на судзе, што ня кідаў камянёў, не крычаў нічога. На следстве ён казаў іншае (крычаў, кідаў). На судзе патлумачыў, што прызнанні даў пад фізычным і псіхалагічным ціскам.
«Я быў у шоку, паніцы, калі мяне затрымалі. Мяне білі ў міліцыі і ў жывот, і па галаве, і па нагах, пагражалі „прэс-хатай“, калі я даваў не такія паказанні, як трэба. Я пачаў агаворваць сябе і іншых. Я падпісаў, не чытаючы, бо баяўся, што зноў будуць біць», — сведчыў жыхар Жлобіна.
Экспэртыза прыйшла да высновы, што, нягледзячы на псіхіятрычныя праблемы, Дзмітры Гопта можа адказваць за свае дзеянні.
Віну ён прызнаў цалкам і пагаджаўся з кожным сцверджаннем пракурора, суддзі ці адваката. Перад судом 5 лютага ён моцна плакаў. Рыдаў хлопец і тады, калі яго забіралі пад варту.
Таксама ў Жлобіне судзяць 17-гадовага Віталя Прохарава і 18-гадовага Аляксандра Кі́селева па аналягічных артыкулах за падзеі 10–11 жніўня.
Радыё Свабода