Дзень Перамогі асацыюецца не толькі з шэсцямі і салютам, але і стандартным наборам савецкіх шлягераў у выкананні Льва Лешчанкі і Ёсіфа Кабзона. Звычайна музычныя кампіляцыі з нагоды 9 Траўня не адрозніваюцца вялікай разнастайнасцю і пазбаўленыя нацыянальнага каларыту.
Флагшток прапаноўвае чытачам сайту падборку ваенных кліпаў, запісаных беларускімі музыкамі. Слухайце, атрымлівайце асалоду і памяніце сваіх продкаў, якія нацярпеліся гора ў страшныя гады ІІ Сусветнай.
"Песняры", "Вяртанне"
Вельмі кранальны твор «Песняроў» пра вяртанне з фронту сапраўдных ветэранаў, пра жанчын, якія пасівелі, пакуль чакалі сваіх каханых, пра галінку бэзу ў вазе на расхістаным століку прывакзальнай кавярні. «Вяртанне» -- песня, створаная на верш беларускага партызана Валянціна Тараса.
Алесь Чумакоў, "Жураўлі"
Хто сказаў, што пераклад вядомай савецкай песні на беларускую мову -- марная справа? Паслухайце, як загучала вядомая песня «Жураўлі» (Ян Фрэнкель — Расул Гамзатаў, пер. Сяржук Сокалаў-Воюш) у выкананні гусляра Алеся Чумакова.
"Крама", "“Bеlla ciao”
У 2004 годзе тэлеканал АНТ рэалізаваў музычны праект «Дарогі і песні вялікай вайны», у межах якога вядомыя беларускія выканаўцы пераспявалі песні ваенных гадоў. Рок-н-рольшчыкі з “Крамы” падрыхтавалі песню італьянскіх антыфашысцкіх партызан “Bеlla ciao”.
"Крамбамбуля", "Czterej pancerni"
З гэтага ж музычнага праекту АНТ беларускія музычныя партызаны “Крамбамбуля” выканалі на польскай мове галоўны спеў з саўндтрэка “Чатыры танкісты і сабака”. У шэрагах польскіх вайсковых фармаванняў супраць фашыстаў у гады вайны змагаліся дзясяткі тысяч беларусаў. А для дзяцей з БССР у 1960-я гады персанажы з серыяла “Чатыры танкісты і сабака” (польск. Czterej pancerni i pies) былі сапраўднымі героямі.
"Дзецюкі", "Сумнае рэгі"
Адносна нядаўняя песня гарадзенскага гурта “Дзецюкі” пра жахі вайны. “Сумнае рэгі” -- гэты спеў не для тых, хто вешае налепку на аўто з заклікам “можам паўтарыць”, а для ўдумлівых людзей, якія ведаюць, што вайна -- гэта гора для ўсіх.
Ніколі зноў.
Флагшток