«Сінонім свабоднай Беларусі». У Кіеве можа з'явіцца вуліца Караткевіча — прапанову зрабіў украінскі літаратар

| Навіны

Ва украінскай сталіцы можа з'явіцца вуліца выбітнага беларускага літаратара Уладзіміра Караткевіча, які пэўныя перыяды жыў і працаваў на Рагачоўшчыне ў Гомельскай вобласці. 15 чэрвеня ў Кіеве пачалося электроннае галасаванне за перайменаванне каля 300 гарадскіх аб'ектаў у сувязі з дэрусіфікацыяй. У сталіцы хочуць канчаткова пазбавіцца ад камуністычнай спадчыны і прыбраць з гарадской мапы не толькі савецкія назвы, але і звязаныя з Расіяй, а таксама з Беларуссю, якую лічаць суагрэсарам.

У той жа час сярод прапаноў па новых назвах – вуліца ў гонар беларускага класіка Уладзіміра Караткевіча. Акрамя таго, што яго лічаць беларускім нацыяналістам — у шырокім, пазітыўным сэнсе гэтага тэрміну, жыццё і творчасць Караткевіча звязаныя з Кіевам. Як — патлумачыў украінскі паэт, перакладчык, крытык і літаратуразнаўца Вячаслаў Лявіцкі. Менавіта ён унёс некалькі прапаноў, якія ўхваліла экспертная камісія, па новых назвах аб'ектаў, сярод якіх — вуліца Караткевіча:

«Паўтару сваю аргументацыю, што пераканала экспертаў: ушанаванне гэтага таленавітага літаратара і прынцыповай асобы важна як для дыялогу Украіны з дэмакратычна арыентаванай беларускай грамадскасцю, так і для актуалізацыі недаацэненых фактаў у культуры Кіева. Караткевіч — выпускнік Кіеўскага універсітэта, любіў сталіцу Украіны і пісаў пра яе больш выразна, чым многія іншыя урбаністы. Больш за тое, гаворка ідзе пра вуліцы ў мясцовасці, дзе разгортваюцца трагічныя падзеі найбольш «кіеўскай» аповесці Караткевіча — «Лісце каштанаў».



Вячаславаў Лявіцкі. Фота: Facebook

Літаратуразнаўца патлумачыў: гаворка ідзе пра частку Пячэрска, які Караткевіч у міні-паэме «Размова з Кіева-Пячэрскім сланом» называў любімым раёнам. І працягнуў:

«Філасофія гэтага чалавека (свабода, годнасць, жыццялюбства, уменне сябраваць і зацятасць у апраўданай нянавісці як вышэйшыя цноты) відавочна адбілася на каштоўнасцях усіх беларусаў, якія цяпер абараняюць Украіну. І сфармавалася такая філасофія менавіта ў Кіеве, перш за ўсё ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях і калідорах, бібліятэчных чытальнях, тэатральных залах, на пасляваенным велатрэку і ў чароўных парках над Дняпром».

Вячаславаў Лявіцкі падкрэсліў, што Караткевіч — фігура, якую важна памятаць украінцам незалежна ад навуковых інтарэсаў і густаў у мастацтве. Паводле літаратуразнаўцы, «Караткевіч — сінонім чалавечай сапраўднасці і свабоднай Беларусі, жаданай для ўсяго свету».


Помнік Караткевічу ў Кіеве. Фота: onliner.by

Нагадаем, у Кіеве ёсць невялікі помнік Уладзіміру Караткевічу — ён знаходзіцца каля беларускай амбасады. Імем Караткевіча можа названа цяперашняя вуліца імя расійскага літаратурнага крытыка Дабралюбава, якая знаходзіцца побач з Батанічным садам. Удзел у электронным галасаванні могуць узяць толькі грамадзяне Украіны пасля праходжання ідэнтыфікацыі ў адпаведным сэрвісе.