Сталі вядомыя імёны першых палітвязняў з Гомельшчыны, вызваленых па памілаванні

| Навіны | 0

З прапагандысцкага сюжэта на дзяржаўным тэлебачанні стала вядома, што па памілаванні быў вызвалены з калоніі жыхар Гомеля Аляксандр Галуза. Ён быў асуджаны за «ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і «распальванне варожасці» і прабыў у калоніі меней за год — прысуд быў вынесены 28 жніўня 2023 года. Працэс вёў суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка. 



Аляксандр Галуза і Яўген Чуміла


Аляксандр Галуза знаходзіцца ў «спісе экстрэмістаў» МУС Беларусі. А ў «спіс тэрарыстаў» КДБ быў унесены другі вызвалены па памілаванні жыхар Гомельшчыны – Яўген Чуміла з Калінкавічаў. Яго асудзілі ў траўні 2022 года, абвінаваціўшы паводле 4 артыкулаў Крымінальнага кодэкса за каментары ў сацсетках: «абраза прадстаўніка ўлады», «абраза Лукашэнкі», «распальванне варажнечы», «абраза суддзі». Справу вёў суддзя Гомельскага абласнога суда Руслан Царук.

Яўген Чуміла працаваў сістэмным адміністратарам у аддзеле адукацыі Мазырскага райвыканкама.
Гэтыя жыхары Гомельшчыны трапілі ў спіс 30 палітвязняў, вызваленых па памілаванні Лукашэнкі. А ўсяго просьбы аб памілаванні пагадзіліся напісаць каля 900 чалавек, сцвярджае праўладны актывіст Юры Васкрасенскі.

Адначасова яшчэ двое палітвязняў з Гомельшчыны выйшлі на свабоду, цалкам адбыўшы тэрмін. Гэта Максім Ражкоў з Гомеля, які быў асуджаны на 3,5 года за каментары па «справе Зэльцэра» паводле артыкулаў за «распальванне варажнечы» і «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Справу разглядаў той жа суддзя Руслан Царук.

Таксама выйшаў на волю, цалкам адбыўшы пакаранне, Валерый Самсоненка з пасёлка Сасновы Бор Светлагорскага раёна. Яго абвінавацілі ў «здзеку з дзяржаўных сімвалаў» і інкрымінавалі тое, што ў цэнтры пасёлка ён зняў з флагштока і выкінуў у сметніцу афіцыйны чырвона-зялёны сцяг, а на яго месца прымацаваў сцяг Украіны. Суддзя суда Светлагорскага раёна Крысціна Касьянава вынесла прысуд — 1 год пазбаўлення волі.

Пакiнуць каментар
captcha