Сталі вядомыя прозвішчы новых уласнікаў палаца ў Нароўлі

| Навіны

Інтрыга з новымі ўласнікамі гістарычнай сядзібы ў Нароўлі вырашылася. Пісьменнік Андрэй Горват на сваёй старонцы ў Фэйсбуку рассакрэціў прозвішчы людзей, якія ўзяліся адрэстаўраваць занядбаны палац нараўлянскіх арыстакратаў Горватаў. Яшчэ нядаўна спецыялісты, якія займаюцца вывучэннем архітэктурнай спадчыны Гомельшчыны выказвалі меркаванне, што да аднаўлення будынка будуць мець дачыненне нашчадкі роду Горватаў, якія прыяздалі на радзіму продкаў год таму. Але выявілася, што за справу ўзяліся ўласнік парталу “Моцныя навіны” Пятро Кузняцоў, каталіцкі актывіст–мецэнат Аляксандр Баранаў і пісьменнік Андрэй Горват. Яны адмыслова для набыцця сядзібы, якая выстаўлялася на аўкцыён, стварылі юрыдычную асобу.

"Флагшток" нядаўна разважаў пра лёс Нараўлянскага палацу ў адмысловай публікацыі



Палац Горватаў у Нароўлі. Фота: Сяргей Плыткевіч



Фота: акаўнт Андрэя Горвата ў ФБ

Нядаўна з’явілася інфармацыя, што палац у Нароўлі быў прададзены юрыдычнай асобе. Некалькі журналістаў звярнуліся да мяне з пытаннем, як я ўспрыняў гэтую навіну. Здаецца, цяпер я гатовы даць адказ. Навіну ўспрыняў нармальна, таму што гэтую юрыдычную асобу заснаваў я сам і мае сябры: Аляксандр Баранаў і Пётр Кузняцоў. Саабразілі на траіх. Але зараз я буду пісаць толькі ад свайго імя, а мае паплечнікі, напэўна, напішуць сваё.

Я ўпершыню ўбачыў нараўлянскі палац, калі мне было дваццаць тры. Мы з ім пазнаёміліся познім вечарам, пад чорна–сінім нараўлянскім небам. Я ўбачыў яго, аслупянеў і адразу палюбіў. Потым кожны месяц прыязджаў у Нароўлю з Мінска, каб пастаяць побач, спакойна пагаварыць з ім на ўсялякія нязначныя тэмы. Ён стаў для мяне як блізкі чалавек. Увесь гэты час я спрабаваў зразумець – чаму. Маё сямейнае гняздо ў Прудку. Мне гэтага дастаткова, як і адной літары “т” у прозвішчы. Я не заганяюся тытуламі і статусамі. Тым больш што нараўлянскі палац мае сваіх сапраўдных нашчадкаў. Можа быць, у пазамінулым жыцці я быў архітэктарам гэтага дома. Ці вартаўніком Лявонам з квадратнай барадой. Не ведаю. А можа, і гэта падобна на праўду, я проста інструмент у яго руках. Дом выкарыстоўвае мяне, каб не згінуць у Прыпяці. Зрэшты, я сам папрасіў яго аб гэтым. Здаецца, у дзве тысячы сёмым. А я тым часам выкарыстоўваў яго для таго, каб мець у жыцці хоць якуюнебудзь мэту. Дом заўсёды ратаваў мяне, калі я пачынаў губляць раўнавагу, калі ўсё вакол развальвальвалася.

Месяц таму я ўпёрся ў сцяну і не ведаў, што буду рабіць далей. Збіраўся па інерцыі з’ехаць на зіму. Можа быць, у Львоў. Я нават сябрам з львоўскага тэатра напісаў, каб прыбралі ў пакоі мантавальнікаў і чакалі майго вяртання. Пры гэтым я ведаў, што палац ізноў выстаўлены на продаж, падумаў, што райвыканкам звар’яцеў - прадаваць у такі час — і не звярнуў увагу. Але Пётр Кузняцоў сам прапанаваў дапамогу. Адразу далучыўся Саша. Ужо праз два дні мы заснавалі юрыдычную асобу (мой актыў там толькі 25%). Гэта адбылося роўна месяц назад. А ўчора я падпісаў акт прыёма–перадачы палаца — дакумент, па якім магу ігнараваць шыльду “Посторонним вход запрещен”. От і ўсё. Гэты дзень я чакаў з 2006 года. Часта ўяўляў яго. Думаў, што гэта будзе асаблівы дзень. Але я проста вярнуўся дадому, лёг спаць у 16.00 і прачнуўся а шостай раніцы. Выспаўся. 

Я б хацеў напісаць гэты пост шаснаццаць гадоў таму, калі яшчэ не было фэйсбука. Я б з радасцю напісаў яго летась. А даводзіцца пісаць напрыканцы самага шалёнага года. Але, як сказаў адзін чалавек, мы не выбіраем час, калі жыць. Нараўлянскі палац быў выстаўлены на продаж у апошні раз. Калі не цяпер, то ў мяне магло ўжо не быць такой магчымасці. 

Я разумею, што палац у Нароўлі сёння не самая вялікая праблема. Але ён не можа застыць, перастаць разбурацца і чакаць лепшых часоў. Да ўсяго іншага, ужо не выканкам, а я, Саша і Пеця нясем адказнасць за яго стан. Ведаю, наколькі недарэчна прасіць дапамогу зараз, але без дапамогі нам не справіцца. 

Першае, што трэба зрабіць, — гэта частковую кансервацыю і антыаварыйныя работы. Іншымі словамі, накрыць дом дахам. Так мы выйграем час. На гэта спатрэбіцца як мінімум дваццаць тысяч долараў. Нават калі ў нас нічога болей не атрымаецца (спойлер: усё атрымаецца), гэтыя дзеянні вельмі дапамогуць дому перажыць усе рэвалюцыі і войны. Калі ў вас ёсць магчымасць дапамагчы, буду вельмі ўдзячны. Пакуль што для збору сродкаў — асабістая картка (БПС, 4496550163763870, да 03/21, Andrei Horvat). Усе сабраныя грошы пойдуць выключна на нараўлянскі палац.  

Яшчэ патрэбны вашы рукі і ногі, усе вашы веды і ўменні — ад будаўнічых да бухгалтарскіх. 



Флагшток