Сталі выходзіць на волю гомельцы, якіх затрымалі падчас акцыі салідарнасці з незарэгістраванымі альтэрнатыўнымі прэтэндэнтамі ў прэзідэнты 14 ліпеня.
Сярод тых, хто адсядзеў 10 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, быў гамяльчук Валерый Сляпухін.
— Мяне судзілі, думаю, за тое, што я вырашыў падаць заяву ў пракуратуру на незаконныя дзеянні Лідзіі Ярмошынай, Цэнтрвыбаркаму і тэрытарыяльных камісій. Я лічу, што гэта адказ на мае ініцыятывы. Пры затрыманні АМАП, як звычайна, не вылучаўся ветлівасцю, але, прынамсі, мне далі магчымасць падыхаць свежым паветрам, калі прыехалі ў РАУС. У ізалятары часовага ўтрымання ўмовы былі больш-менш прымальнымі. Адміністрацыя магла ўскладніць жыццё затрыманым, але ставіліся нармальна. Палітычных было 9 чалавек, з якіх чацвярых пакаралі 10 суткамі. Пяцёра адсядзелі меншыя тэрміны.
Валерый Сляпухін прызнаўся, што цягам арышту знаходзіўся ў інфармацыйным вакууме, таму аб’яднанне штабоў асноўных прэтэндэнтаў вітае з радасцю як крок, які набліжае дэмакратычныя перамены. Цягам 10 сутак ён быў без сукамернікаў, але недахоп камунікацыі кампенсавалі апавяданні Уладзіміра Караткевіча. Аказалася, што ў турэмнай бібліятэцы ёсць у наяўнасці асобнікі беларускага класіка. Актывіст, нягледзячы на зняволенне, выглядаў бадзёрым і жартаваў пра някепскія ўмовы ў ізалятары: “На tripadvisor я б ім “пяцёрку” не паставіў, на двоечку недзе цягнуць”.
Валерыя Сляпухіна чакалі дома бацькі, якія прыгатавалі сыну дранікі. Сям’я гомельца заяўляе, што падтрымлівае сына і ганарыцца ім, таму што ён не баіцца выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю.
Флагшток