Святлана Нарскіна спрабуе абскардзіць штраф за акцыю салідарнасці з Сяргеем Ціханоўскім

| Навіны

Гамяльчанка Святлана Нарскіна паспрабавала абскардзіць штраф за ўдзел у акцыі ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага ў абласным судзе. Аднак суддзя Васіль Бягун, выслухаўшы аргументы заяўніцы, пакінуў рашэнне Цэнтральнага раённага суда ад 4 чэрвеня без змяненняў. 


Філолаг паводле адукацыі Святлана Нарскіна стала “палітычнай актывісткай” выпадкова. Патрапіўшы пад рэпрэсіі, вырашыла, што мірыцца з беззаконнем нельга.

7 мая, калі на плошчы Леніна ў Гомелі праходзіла акцыя салідарнасці з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, які адбываў тады яшчэ адміністрацыйны арышт, Святлана не планавала ўдзельнічаць у палітычным мерапрыемстве. Паводле яе словаў, каля Абласнога драмтэатра ў яе было прызначана спатканне. Аднак, убачыўшы групу грамадзянаў прыблізна з 30 чалавек, яна падышла бліжэй. Лозунгі не выкрыквала, нікога не заклікала да нейкіх дзеянняў. Калі побач з пратэстоўцамі з’явіўся міліцыянт з мегафонам, які папярэдзіў пра адміністрацыйную адказнасць, яна добраахвотна сышла. Аднак гэтага хапіла, каб гамяльчанку аштрафавалі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі на 10 базавых велічыняў.  

У судовай залі Святлана Нарскіна выказала сваё стаўленне да пераследу грамадзян за ўдзел у мірных акцыях:

Што мне рабіць, каб не каралі адміністрацыйнымі штрафамі ў будучыні? Не падыходзіць да людзей у грамадскіх месцах? Не стаяць у чарзе? Не гуляць у людных месцах? Не хадзіць з кампаніяй на пляж? Ці ўвогуле не выходзіць з дому, каб не патрапіць у аўтазак? 

Я хачу захаваць надзею, што мая родная Беларусь не дойдзе да таго стану, калі асноўнай працай судоў стане вынясенне пакаранняў за “няправільныя думкі”, што верне нашае грамадства ў атмасферу 37-га году. У мяне складваецца ўражанне, што на мяне абвясцілі паляванне. 

Я не магу, не аглядаючыся, выходзіць з дому. За што? За тое, што ў мяне ёсць сваё меркаванне?! За тое, што я не баюся яго выказваць?! Якім будзе рашэнне суда? Чаму яно будзе садзейнічаць? Нагнятанню страху ці разрадцы сітуацыі?

Аднак суддзя пасля кароткага перапынку пакінуў рашэнне аб штрафе ў 10 базавых велічыняў у сіле. Фінальныя словы суддзі Васіля Бегуна былі сустрэтыя групай падтрымкі Святланы Нарскінай выкрыкамі “ганьба”. 


Святлана Нарскіна збіраецца абскарджваць рашэнне ў вышэйшых інстанцыях, каб мець магчымасць звярнуцца ў Камітэт ААН па правах чалавека. 

Флагшток