Праваабаронцы Гомельскай Вясны паведамляюць аб затрыманні кіраўніцы праўладнага прафсаюза Таццяны Хацковай. На яе старонцы ў сацыяльнай сетцы была адна-адзіная спасылка на «экстрэмісцкую» інтэрнет-групу. У судзе грамадзянка казала, што губляла тэлефон, і гэтую спасылку ад яе імя размясціў хтосці іншы.
Таццяна Віктараўна Хацкова працуе старшынёй Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў. У «Фэйсбуку» ад яе імя была размешчана спасылка на інтэрнет-групу, якую беларускі правячы рэжым унёс у спіс «экстрэмісцкіх». За гэта Хацкову затрымала міліцыя і склала пратакол па частцы 2 артыкула 19.11 КаАП («Распаўсюджванне, вырабленне, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць»).
Сайт гомельскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў паказвае, што пакуль Хацкова засталася пры пасадзе старшыні
Справа разглядалася ў судзе Цэнтральнага раёна г. Гомеля 4 снежня. Таццяна Хацкова патлумачыла, што яна гэтую спасылку не размяшчала. Аднак сёлета губляла свой мабільны тэлефон, і мяркуе, што спасылка магла быць размешчана іншай асобай, якая атрымала на тэлефоне доступ да сацыяльнай сеткі ад яе імя. Аб страце тэлефона грамадзянка нікуды не звярталася, а праз нейкі час тэлефон быў вернуты ёй невядомай асобай.
Справаздачны сход пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ "Белаграпрамбанк" (Таццяна Хацкова пасярэдзіне). Крыніца: сайт Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў
Суддзя Сяргей Кармановіч палічыў, што «якіх-небудзь дакладных звестак, якія падцвярджаюць выбыццё з валодання Хацковай яе мабільнага тэлефона», не маецца, і падвергнуў яе арышту на 15 сутак.
У спіс «экстрэмісцкіх» улады ўносяць усе інтэрнет-рэсурсы, на якіх людзі выказваюць нязгоду з правячым у Беларусі рэжымам.