У райцэнтры Ветка нарэшце з'явілася вуліца імя Фёдара Шклярава — найбольш вядомага ўраджэнца і дзеяча горада. Дагэтуль імя Шклярава насіў толькі заснаваны ім Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый. 16 красавіка з апублікаванага рашэння Веткаўскага райсавета дэпутатаў стала вядома, што ў гонар Шклярава назвалі вуліцу Праектуемую № 3.
Ні вуліца Леніна, ні Савецкая, ні Першамайская, якія вядуць да музея шматлікіх турыстаў, перайменаваныя не будуць.
Выгляд мікрараёна на касмічным здымку і яго план
Выгляд на вуліцу Шклярава на Яндэкс панараме
Гаворка ідзе пра вуліцу, якая яшчэ не пабудавана. Яна ёсць толькі ў праекце новага раёна пяціпавярховай забудовы на паўночнай ускраіне гораду. Мікрараён у 2022 годзе толькі пачаў забудоўвацца, таму дальняя вуліца Шклярава на дадзены момант выглядае як калгаснае поле. Мікрараён плануюць дабудаваць у 2035 годзе.
У тым жа мікрараёне «кампанію» Шкляраву будуць складаць чырвонаармейцы-ураджэнцы Веткаўшчыны Іван Макаранка і Павел Буйневіч.
Фёдар Шкляраў. Фота: vetka.museum.by
Што тычыцца Шклярава, то гэты выбітны дзеяч вядомы на ўсю Беларусь, як і створаны ім музей. У 1970-х гадах гэты мастак, майстар, калекцыянер, краязнаўца аб'ехаў рэгіён і сабраў унікальныя калекцыі абразоў XVIII–XIX стст., старадрукаваных і рукапісных кніг XV – пачатку XX ст., прадметаў побыту.
Ён дамагаўся стварэння ў Ветцы музею з гэтымі экспанатамі, і ў 1978 годзе ён быў адкрыты. Папаўняць калекцыі, збіраць матэрыялы, запісваць бясцэнныя звесткі жывога народнага асяроддзя Шкляраў працягваў да самай смерці ў 1988 годзе.
Ягоны музей уключаны ў маршрут «Залатое кальцо Гомельшчыны», пастаянна прымае наведвальнікаў не толькі з Беларусі, але і замежнікаў.