Дзяржаўнае спэцыялізаванае прадпрыемства «Екоцентр», якое ажыццяўляе радыяцыйны маніторынг у зоне адчужэння, са спасылкай на звесткі сыстэмы NASA FIRMS, паведаміла аб чатырох пажарах, плошча якіх з кожным днём павялічваецца. Аб гэтым даведалася Радыё Свабода.
У прыватнасці, пажары зафіксавалі каля ўкраінскіх паселішчаў Палескае, Бабёр, Сцячанка, а таксама ў раёне населеных пунктаў Рудня-Верасня Кіеўскай вобласці, якія знаходзяцца ў 30-кіламетровай зоне ад мяжы з Беларуссю.
Паводле генеральнага дырэктара «Екоцентру» Сяргея Кірыева, за звесткамі NASA Firms, пажары ў раёне Сцячанкі павялічыліся ў памеры да 2 км², а ў раёне паселішча Бабёр — да 10 км².
«Пэўна, узгаранне пачалося ў выніку ўзброенай агрэсіі Расеі, а менавіта ад снарада ці наўмыснага падпалу. Згодна з класіфікацыйнымі прыкметамі надзвычайных сітуацый, крытэрыі пажараў у зоне адчужэння не павінны перавышаць аб’ёмы 0,05-0,2 км², але наяўны стан плошчы пажараў перавышае гэтыя паказнікі ў дзясяткі разоў», — сцвярджае дырэктар.
Сяргей Кірыеў падкрэсліў, што найбольшую пагрозу нясуць цяперашнія пажары на тэрыторыях са значнымі ўзроўнямі забруджвання і ў месцах размяшчэння інфраструктуры радыяактыўных адкідаў у межах 10-кіламетровага радыюсу вакол ЧАЭС.
Праз часовую акупацыю аварыйна-ратавальныя службы не могуць выехаць на тушэнне пажараў.
Тым часам 211 супрацоўнікаў захопленай расейцамі Чарнобыльскай АЭС ужо 18 дзён праз забарону ратацыі вымушаны жыць і працаваць на станцыі.
Генеральны дырэктар Міжнароднага агенцтва атамнай энэргетыкі Рафаэль Мар’яна Гросі заявіў, што цяперашняя сытуацыя на абедзвюх захопленых Расеяй атамных станцыях, у Чарнобылі і Энэргадары, пярэчыць аднаму з сямі абавязковых прынцыпаў ядзернай бяспекі.
У размове з ім генэральны дырэктар «Росатома» Аляксей Ліхачоў пацвердзіў, што на Чарнобыльскай і Запарожскай АЭС знаходзяцца расейскія атамнікі, якія «аказваюць кансультацыйную дапамогу» ўкраінскаму персаналу станцый.
Украінская экспертка ў пытаннях энэргетыкі Вольга Кашарна заявіла, што ўкраінскія атамнікі не патрабуюць ніякіх кансультацый з супрацоўнікамі «Росатома».
«Нашы энэргаблокі прайшлі мадэрнізацыю, якая не снілася „Росатому“! Нашы энэргаблокі прайшлі стрэс-тэсты пасля аварыі на Фукусіме паводле метадалогіі Еўразвязу, у адрозненне ад расейскіх. МАГАТЭ і ЕЗ верыфікавалі справаздачы аб стрэс-тэстах», — падкрэсліла экспэртка.