У выніку тэрарыстычных нападаў Расіі, пры якіх ракетнымі ўдарамі знішчаецца энэргетычная інфраструктура Украіны, пакутуе грамадзянскае насельніцтва, застаючыся без цяпла і электрычнасці. У найбліжэйшым да Гомеля ўкраінскім Чарнігаве, былым горадзе-пабраціме, 17 лістапада выпаў першы снег, чакаюцца замаразкі — і гэта пачатак чарговага цяжкага перыяду для мірнага насельніцтва.
У Чарнігаве выпаў першы снег. Фота: «Вечірній Чернігів» (Facebook)
Флагшток папрасіў распавесці жыхарку Чарнігава аб тым, што змянілася ў побыце гараджан пасля таго, як Расія пачала атакаваць крытычную інфраструктуру краіны. Нагадаем, мінулы раз, 15 лістапада, РФ выпусціла па Украіне 85 ракет, і большасць з іх былі накіраваныя на паражэнне энергетычнай інфраструктуры.
Мар'яна жыве ў прыватным доме без цэнтралізаванага ацяплення, таму можа разлічваць толькі на электрычнасць, якая ёсць не заўсёды:
«Звычайна ўстаю ў 5-6 раніцы, каб папраць бялізну, бойлер ўключаю толькі ўначы, кіпячу ваду ранкам і адразу разліваю ў тэрмасы, каб можна было папіць гарбату на працягу дня. Стараемся максімальна эканоміць, калі ёсць электраэнергія. Калі няма наогул, то ходзім да суседзяў, у іх ёсць газавыя пліты. Там можам прыгатаваць паесці».
У кватэры ёсць толькі газавая груба, дзякуючы якой можна грэцца. Сям'я робіць пастаянныя запасы ежы і вады, бо крамы часта не працуюць з-за паветранай трывогі або адключэння электрычнасці.
У сям'і ёсць школьніца, але ўрокі пераведзены на дыстанцыйны рэжым:
«Навучанне і гурткі — онлайн, а без святла няма і інтэрнэту, таму заняткі пастаянна пераносяцца, тэмы толькі павярхоўна вывучаюць. Вось сёння толькі з'явіўся інтэрнэт, і дзеці хуценька выйшлі на анлайн-урок і за 45 хвілін прыходзяць тэмы па прыродазнаўству, матэматыцы і ўкраінскай мове».
У многіх дамах з цэнтралізаваным ацяпленнем — перабоі з цяплом. У некаторых кватэрах мінулай ноччу было ўсяго плюс 15 градусаў.
«Хутаемся ў коўдры днём, спім у вопратцы, стараемся грэцца гарачай ежай і спадзяемся, што ацяпленне неўзабаве ўсё ж ўключаць», — кажа жыхарка шматкватэрнага дома Алена.
16 лістапада горад на некалькі гадзін застаўся без электрычнасці. Скрыншот відэа «Суспільне Чернігів»
Прыкмета праблемаў у энергасістэме — скачкі электрычнай напругі. Падчас такіх скачкоў можа сапсавацца электратэхніка. А 15 лістапада з-за скачка напругі адбылося ўзгаранне тралейбуса. Назаўтра ў горадзе на некалькі гадзін электрычнасць прапала цалкам.
Некаторыя кавярні працуюць з дапамогай генератараў. Скрыншот відэа «Суспільне Чернігів»
У той жа час у Чарнігаве працягваюць аднаўляць дамы пасля вясновых нападаў войска РФ.
У Чарнігаве аднаўляюць дамы. Фота: «Вечірній Чернігів» (Facebook)
Раней, 1 лістапада, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заяўляў, што ў выніку расійскіх удараў было пашкоджана 40 адсоткаў энэргаінфраструктуры краіны, у прыватнасці — цепла - і гідраэлектрастанцыі і цеплаэлектрацэнтралі.