Сёння раніцай сілавікі прыйшлі з вобшукам да прэс-сакратаркі «Беларускага Дому правоў імя Барыса Звоскава» Яўгеніі Парашчанкі. З кватэр, дзе адбываліся ператрусы, забралі грошы. Сілавікі прыйшлі з ператрусам нават у кватэру бацькоў Яўгеніі.
Жанчына гадуе малога сына. Зараз яна ў бяспецы. Праваабаронца падзялілася гісторыяй вобшукаў у сябе на старонцы ў Фэйсбуку.
Толькі што скончыліся два ператрусы. Артыкул — 342. Гэта па справе Андрэя Стрыжака — упэўненая на 100000%. Бо пастанову на ператрус даслала ў Гомельскі губопік Генеральная Пракуратура; а яшчэ следчыя высвятлялі, «ці жыў ваш муж на Савецкай» — збіраліся трусіць і там. Я патлумачыла, што там ён жыў з папярэдняй былой жонкай. Дэ-юрэ я яшчэ жонка Стрыжака, і прозвішча ў мяне Стрыжак па пашпарце.
Першы ператрус быў у маіх бацькоў. Забралі татавы грошы (ён збіраў на падарунак сабе на 65 гадоў — электронную швейную машынку) і нават карткі, на якія мама і тата атрымліваюць пенсіі. Пакінулі «на жыццё» 55 рублёў.
Другі ператрус быў у кватэры, якую мы раней здымалі разам з Андрэем, а цяпер здымаю я (і дамова на мяне). Забралі, апрача папераў Андрэя, і мае рэчы: канспекты і матэрыялы лекцыяў з тых часоў, калі я вучылася на курсе BISH у БДПЧ у 2016-17 гадах, напрыклад. Канешне, грошы. І ўсё, дзе была хоць найменшая выява "Пагоні". Паштоўка з Вершніцай паляцела ў запячатаным пакунку ў Генпракуратуру ў Мінск.
Я дома ў бацькоў, мой сыночак тут са мной.
Нагадаем, сёння раніцай вобшукі прайшлі ў гомельскіх журналістаў і актывістаў. З ператрусам прыйшлі на кватэру актывіста BYSOL Андрэя Стрыжака, а таксама на кватэру яго бацькоў у Рэчыцы.
Ператрусы ў журналістаў і актывістаў сення праходзяць па ўсей Беларусі. Следчы камітэт заявіў, што вобшукі адбываюцца з мэтай устанаўлення абставін фінансавання пратэстнай актыўнасці.
Флагшток