За паведамленне «Падпальваем табакеркі!», пакінутае паўтары гады таму, гомельца асудзілі да пазбаўлення волі

| Навіны

У судзе Савецкага раёна Гомеля 14 траўня вынеслі прысуд Івану Чарнаморчанку. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак альбо актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Суд палічыў, што такімі дзеяннямі стаў пост у адным з тэлеграм-каналаў з заклікам «Падпальваем табакеркі!», паведамляе «Позірк. Навіны пра Беларусь».




Прычым, такое паведамленне гомелец пакінуў яшчэ паўтары гады таму — у 2020 годзе. Нагадаем, падобныя заклікі з'яўляліся падчас паслявыбарных акцый як форма пратэсту супраць рэжыму. Бо сетка шапікаў «Табакерка» належыць бізнесмену Аляксею Алексіну, прыхільніку Лукашэнкі. І такім чынам лічыцца, што гэты бізнес з'яўляецца адной з крыніц фінансавання рэжыму.

Чарнаморчанка віну прызнаў цалкам, у той жа час ягоная абаронца ў судзе настойвала на тым, што сувязі паміж паведамленнем і пашкоджаннямі кіёскаў адсутнічае, а лінгвістычная экспертыза ўстанавіла, што ў паведамленні «няма закліку да распальвання сацыяльнай варожасці». Аднак суддзя Аляксандр Мохараў палічыў гомельца вінаватым і прысудзіў яму год калоніі агульнага рэжыму.