Журналіст і яшчэ трое мужчын: якія палітвязні з Гомельшчыны выйшлі на волю па памілаванні

| Навіны | 0

Палітзняволены гомельскі журналіст і палітык Андрэй Толчын выйшаў на волю па памілаванні, паведаміла «Вясна». Ён быў асуджаны на 2,5 гады калоніі па абвінавачванні ў «паклёпе» ў дачыненні Лукашэнкі і за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Андрэй мае сур'ёзныя хваробы, ён правёў за кратамі амаль год — яго затрымалі 27 верасня 2023 года.



Андрэй Толчын. Фота: Свабода


Праваабаронцам сталі вядомыя імёны яшчэ трох палітвязняў з Гомельшчыны, якія знаходзіліся за кратамі за дзеянні ў інтэрнэце і вызваліліся праз памілаванне. Гэта Мікалай Амельчанка, якога ў жніўні 2022 года асудзілі на невядомы тэрмін па абвінавачванні ў распальванні варажнечы, незаконных дзеяннях з персанальнымі звесткамі, садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і паклёпе на Лукашэнку, піша «Гомельская Вясна».

Таксама гэта Аляксандр Пугач, які быў асуджаны на 3,5 гады па абвінавачванні ў распальванні варажнечы, абразе Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады, пагрозе гвалтам датычна службовай асобы.

І яшчэ адзін вызвалены — Дзмітрый Сінюта, якога асудзілі год таму на невядомы тэрмін, абвінаваціўшы ў распальванні варажнечы, садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і абразе Лукашэнкі.