Шматдзетны бацька з Гомеля Сяргей Макрэнка разам з сям’ёй навёў парадак на месцы меркаваных пахаванняў ахвяр калоніі НКВД у мястэчку Хальч Веткаўскага раёна. Жыхар Гомеля пафарбаваў крыж, прыбраў мінулагоднюю траву і смецце, а таксама пакінуў жалобныя лампадкі і кветкі.
Сяргей Макрэнка распавядае, чаму для яго важна не забываць пра ахвяраў сталінізму:
-- Яшчэ ў мінулым годзе мы з сям’ёй планавалі пафарбаваць крыж. На жаль, не атрымалася, вырашылі зрабіць гэта зараз перад Радаўніцай. У гэты час кожны імкнецца навесці парадак на пахаваннях сваіх сваякоў, наведвае іх. Гэтыя пахаванні не наведае ніхто. Дзякуючы неабыякавым людзям, гэтае месца пазначана крыжам. Сёння важна захаваць памяць пра тых людзей, якія былі там пахаваныя без ніякіх знакаў, калі мы не хочам, каб падобнае паўтарылася ізноў. Цяпер крыж бачны здалёк. Свежая фарба і кветкі магчыма прыцягнуць увагу людзей, якія захочуць даведацца больш пра змрочнае мінулае гэтых мясцінаў. Толькі пакуль мы захоўваем памяць пра падобныя падзеі і мясціны ў тым ліку, мы маем права звацца нацыяй.
Калонія НКВД «Воля» ў Хальчы ўзнікла ў 1921 годзе. Існавала гэтая ўстанова, з перапынкам на гады акупацыі часоў ІІ Сусветнай вайны, да 1954 года. Асаблівасцю калоніі «Воля» з’яўлялася тое, што сярод вязняў ладную частку складалі жанчыны з дзецьмі. Памятны крыж на меркаваным месцы пахавання вязняў калоніі быў усталяваны з ініцыятывы журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага ў 2016 годзе.
Флагшток