Жыхары мястэчка Краснае, што пад Гомелем, добраўпарадкавалі мемарыял ахвярам нацыстоўскага перасыльнага лагеру Дулаг-121. Да помніка, які бачны з аб’язной дарогі, пракладзеная сцяжына. Усе сродкі на будаўнічыя працы і матэрыялы выдзялілі мясцовыя жыхары Уладзімір Котаў, Васіль Баброўскі, Анатоль Удавенка і Мікалай Кот.
“Гэта цалкам народны мемарыял. У стварэнні яго ўдзельнічалі звычайныя людзі, якія не хочуць, каб памяць пра ахвяраў ІІ Сусветнай вайны забывалася”, -- гаворыць Васіль Баброўскі.
Мемарыял у выглядзе вялікага каменя з мармуровай шыльдай, надпіс на якой выкананы на трох мовах (беларускай, расейскай і іўрыце), быў усталяваны на ўзбочыне аб’язной дарогі ля мястэчка Краснае ў канцы 2019 года.
Помнік ахвярам Дулаг-121
З’яўленне помніка ахвярам нацысцкай акупацыі ў ваколіцах Краснага стала магчымым у выніку высілкаў мясцовага жыхара Уладзіміра Котава, які дамогся правядзення раскопак на меркаваным месцы масавага пахавання ў раёне былога супрацьтанкавага рову. У канцы 2018 года салдаты 52-га пошукавага батальёна Міністэрства абароны знайшлі ў гэтым месцы парэшткі 131 чалавека. Мяркуецца, што ў 2020 годзе пошукі пазасталых парэшткаў могуць працягнуцца. Усяго ў гады вайны на тэрыторыі гомельскага ДУЛАГ-121 загінула да 150 тысяч чалавек, месца пахавання большасці з іх невядома дагэтуль.
Урачыстае адкрыццё мемарыяла запланаванае на 9 траўня.
Флагшток
Фота: Васіль Баброўскі