Знакамітыя спартоўцы з Гомеля зняліся ў роліку супраць гвалту (відэа)

| Навіны

Трэнер гомельскага клуба дзюдо "Прайд” Канстанцін Палей і алімпійскі чэмпіён Андрэй Краўчанка зняліся ў сацыяльным відэароліку, у якім вядомыя спартоўцы выказваюцца супраць гвалту і за сумленную гульню.  

У англамоўным роліку, разбаўленым карцінкамі міліцэйскага гвалту ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў, распавядаецца: 

“Пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня гвалт стаў звычайнай справай у Беларусі. Больш за 27 тысяч грамадзянаў былі арыштаваныя (па стане на 7 снежня гаворка ідзе пра 32 тысячы рэпрэсаваных беларусаў — заўвага рэдакцыі). Сярод іх былі атлеты...”



Канстанцін Палей, майстар–спорту і заснавальнік клуба дзюдо “Прайд” гаворыць: 

«У знак пратэсту я ў турме абвяшчаў галадоўку...»


У здымках відэа, акрамя гомельца Канстанціна Палея, таксама здымаліся шматразовыя чэмпіёны па адзінаборствам Іван Ганін і Аляксандра Сітнікава, капітан нацыянальнай жаночай зборнай па рэгбі Марыя Шакура. Зоркі беларускага спорту сведчаць, што іх білі, катавалі, пазбавілі элементарных грамадзянскіх правоў і заразілі каронавірусам у перапоўненых камерах.  



Прызёр алімпійскіх гульняў у Пекіне, гамяльчук Андрэй Краўчанка у роліку распавядае сваю гісторыю: 

“Мы былі пазбаўленыя фундаментальных грамадзянскіх правоў, некаторых з нас пазбавілі права на падрыхтоўку да алімпійскіх гульняў. І ўсё гэта толькі праз тое, што мы выказаліся супраць гвалту”


Канстанціна Палея судзілі 8 кастрычніка за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі на падставе фотаздымка, дзе ён едзе на ровары з дачкой з шарыкамі. Ён правёў за кратамі 15 сутак арышту, у яго дома быў праведзены ператрус.  

Алімпійскі чэмпіён-мнагаборац Андрэй Краўчанка правёў 10 сутак у жодзінскай турме. Яго выцягнулі з аўтамабіля ў цэнтры Менску падчас аднаго з нядзельных маршаў пратэсту.  


Флагшток