Звыш 2 тысяч палітычных «крыміналак»: у СК распавялі, па якіх прычынах часцей рэпрэсуюць жыхароў Гомельскай вобласці

| Навіны | 0

За 2023 год у Гомельскай вобласці было ўзбуджана 539 палітычна матываваных крымінальных спраў, якія афіцыйна называюць «справамі экстрэмісцкай накіраванасці». Лічбу назваў намеснік начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Максім Спрынцын, заўважыў «Штодзень».

Прадстаўнік СК выступіў з такой інфармацыяй на дзяржаўным радыё «Гомель Плюс», а відэа апублікаваў канал гомельскага тэлебачання. Флагшток паслухаў выступ.



Максім Спрынцын (крыница: Гомельскае тэлебачанне)


У сваёй прамове Спрынцын заявіў, што «барацьба са злачынствамі экстрэмісцкай накіраванасці з'яўляецца прыярытэтнай для ўсіх ведамстваў сілавога блоку», а «падраздзяленнямі ўпраўлення Следчага камітэту такім злачынствам надаецца павышаная ўвага».

Паводле Спрынцына, «гэтыя злачынствы, як правіла, здзяйсняліся ў 2015–2022 гадах, а калі браць выключна 2023 год, іх колькасць мінімальная». Летась у суды былі накіраваныя 138 такіх спраў, зафіксавана 343 эпізоды, па некаторых расследванне працягваецца.

Прадстаўнік СК адзначыў, што «колькасць злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці скарацілася на чвэрць», маючы на ўвазе такія артыкулы як абраза прадстаўнікоў рэжыму і Лукашэнкі, «распальванне варожасці», «арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Год таму, у сакавіку 2023 года, Спрынцын падаваў звесткі пра тое, што са жніўня 2020 года ў Гомельскай вобласці ўзбуджана звыш 1,5 тысяч крымінальных спраў «па фактах экстрэмізму». Такім чынам, у цэлым на Гомельшчыне зафіксавана ўжо болей за 2 тысячы палітычна матываваных крымінальных спраў.



Спрынцын прызнаў, што гаворка ідзе, у асноўным, пра пераслед за выказванні ў інтэрнэце:

«Большасць з гэтых злачынстваў здзяйсняюцца ў сетцы Інтэрнэт, размова ідзе пра вызначаныя выказванні, якія рэгулярна на сістэмнай аснове маніторацца супрацоўнікамі розных праваахоўных ведамстваў для прыцягнення такіх асобаў да крымінальнай адказнасці».

Летась прадстаўнік СК паведамляў, што найбольшая колькасць «экстрэмісцкіх» спраў — за абразу прадстаўнікоў улады, на другім месцы — абраза Лукашэнкі. У асноўным, палітычна матываваныя справы ўзбуджалі на жыхароў абласнога цэнтру, а таксама буйных райцэнтраў — Жлобіна, Мазыра, Рэчыцы і Светлагорску.

Пакiнуць каментар
captcha