Дзень беларускага пісьменства — з расійскім акцэнтам. У Добрушы збяруць літаратараў з праўладнага аб'яднання і РФ

| Рэгіёны

3-4 верасня на Дзень беларускага пісьменства ў Добруш прыедуць каля 200 літаратараў, заявіў на прэс-канферэнцыі «ганаровы старшыня» Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. Нагадаем, іншую грамадскую арганізацыю — Саюз беларускіх пісьменнікаў, у які ўваходзілі большасць вядомых сучасных літаратараў Беларусі — ліквідавалі ўлады, таму на свяце ў Добрушы будуць толькі чальцы праўладнага аб'яднання.

Таксама на Дзень беларускага пісьменства прывязуць расіян. Чаргінец адзначыў «намаганні Гомельскага абласнога аддзялення СПБ, якое сур'ёзна рыхтавалася да гэтага свята — змаглі запрасіць у госці 25 расійскіх пісьменнікаў».




Было прадказальна, што ўсе праекты Дня беларускага пісьменства пройдуць пад знакам абвешчанага ўладамі «Года гістарычнай памяці» — гэта пацвердзіў на прэс-канферэнцыі намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі. Паводле яго, нядаўна на кніжным салоне ў Санкт-Пецярбургу вырашылі, што «збярэм разам з нашымі расійскімі калегамі 100 кніг, рэкамендаваных да чытання, у кантэксце нашых традыцыйных каштоўнасцяў»:

«Мы ўжо падабралі першыя 12 кніг, сярод якіх і расійскія, і беларускія, і ўкраінскія аўтары. Усе гэтыя культуры і ментальнасці сканцэнтраваны на тэрыторыі Добруша, яны перажываюць пераацэнку каштоўнасцяў і сэнсаў. Гэтыя 12 кніг мы падабралі для раскрыцця паняцця справядлівасці, яго разумення і ўсведамлення».


Назвы кніг і іх аўтары пакуль не называюцца, але відавочна, што гэта выданні, якія ўпісваюцца ў кантэкст беларускай і расійскай прапаганды.

Адзначым, што таксама толькі гасцей з РФ чакаюць у Ляскавічах Петрыкаўскага раёна на фестывалі этнакультурных традыцый «Кліч Палесся», які мае статус міжнароднага. У праграме свята, якое адбудзецца 20 жніўня, пазначаны выключна беларускія калектывы і адзін — расійскі, фольк-гурт «Зазноба» з горада Пенза.

Як раней паведамляў Флагшток, ад прыезду ў Гомель на міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод» адмовіліся амаль усе былыя краіны-удзельніцы — акрамя Расіі. Нядаўна арганізатары абнавілі інфармацыю і заявілі, што таксама «чакаецца ўдзел» калектываў з Казахстана і Кыргызстана.