У Рэчыцы аўтобус упаў на маладога чалавека, прычыніўшы цяжкую траўму галавы — пацярпелага тэрмінова даставілі ў лякарню Гомеля. Па інфармацыі Флагштока, навучэнец зараз знаходзіцца ў стане комы.
Як стала вядома Флагштоку, гэта адбылося 17 кастрычніка на тэрыторыі рэчыцкага АП № 3. 18-гадовы навучэнец мясцовага ліцэя праходзіў практыку ў аўтапарку, выконваў зварачныя працы пад аўтобусам, які быў узняты на дамкратах. Дзяржаўныя СМІ, а таксама сайт аўтапарка пра гэтае здарэнне пакуль нічога не паведамілі.
Автопарк № 3 (фото: dneprovec.bу)
Флагшток патэлефанаваў ад імя мясцовага жыхара ў прыёмную аўтапарка № 3. Там пацвердзілі няшчасны выпадак, але пра падрабязнасці распавесці адмовіліся:
«Ідзе расследаванне, і інфармацыю мы не выдаем староннім. Я не буду расказваць вам, што здарылася, я проста не маю права. Ён жывы».
Па звестках Флагштока, малады чалавек, з якім адбыўся няшчасны выпадак, — навучэнец Рэчыцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ліцэя ў вёсцы Азершчына. Гэтую інфармацыю таксама ўдалося пацвердзіць:
«Мы самі нічога не ведаем, што з ім адбылося і ў якім ён стане, нам не паведамляюць. Ведаем толькі, што ён у лякарні», — адказалі ў ліцэі.