У Юравічах Калінкавіцкага раёну адкрыўся музей — стаянка першабытнага чалавека. На фоне бясконцых ваенных манументаў, комплексаў прысвечаных ВАВ, з'яўленне турыстычнага аб'екту, прысвечанага старажытным людзям і мамантам у Гомельскай вобласці, выглядае незвычайным.
Музей з'явіўся ў мястэчку Юравічы невыпадкова. Па археалагічных дадзеных чалавек пасяліўся тут каля 26 тысяч гадоў да н.э. Пра гэта сведчыць самая старажытная на тэрыторыі Беларусі стаянка першабытнага чалавека, выяўленая навукоўцамі ў 1929 годзе на высокім беразе Прыпяці.
Першапачатковы праект музею. Па задуме архітэктара музей спраектаваны ў выглядзе купала з арачнымі праёмамі і зялёным дахам. Будынак знаходзіцца на месцы раскопак, дзе і былі калісьці знойдзеныя рэшткі мамантаў
У 2008 годзе Міністэрства культуры паведамляла, што ў музейных экспазіцыях можна будзе паназіраць за рознымі бакамі жыцця старажытных людзей. Адкрыць музей планавалася да 90-годдзя першых раскопак — у 2009 годзе. Але атрымалася гэта зрабіць толькі праз 13 гадоў. Каля 10 гадоў музей прастаяў у якасці закінутага даўгабуду. За апошнія два гады, дзякуючы абласному бюджэту, праект быў завершаны.
Флагшток паглядзеў, якім атрымаўся незвычайны музей.
Музей у працэсе пабудовы год таму
Здалёк пабудова нагадвае першапачатковы рендэр музею
Аглядальная пляцоўка з бяседкай над музеям у «неандэртальскім» стылі. За старажытнасць адказваюць элементы ў выглядзе абрысаў біўняў маманта
Недзе каля ратонды ў 17 стагоддзі стаяла капліца езуітаў
На верхняй тэрасе ёсць раставы макет маманта з жалезабетону. І не запытвайцеся, чаму сышліся вочы старажытнага слана
Там жа паселішча краманьёнцаў. У іх ролі — супрацоўнікі юравіцкага ДК. Будуць лі яны і далей падпрацоўваць старажытнымі людзьмі ці гэта разавая акцыя для старшыні аблвыканкама Генадзя Салаўя, які прыехаў на адкрыццё комплексу, пакуль Флагштоку невядома
На аглядальнай пляцоўцы можна яшчэ сфатаграфавацца з раздрукоўкай маманта
З блізкай адлегласці заўважныя праблемы з пакрыццём даху. Гэта дзёрн ці сілас?
У аздабленні музею валуны і плітка з пясчаніка. Яны нагадваюць дызайн правінцыйных рэстаранаў
Заходзім у музей. Інтэр'еры музею выклікаюць здзіўленне — гэта дакладна не кавярня ў райцэнтры? Што робяць ласіныя скуры на жалезабетоннай столі? А неахайныя плямы дэкаратыўнага тынку на сценах? Гэта дызайн інтэр'ера сучаснага музею?
Унутры ёсць вялікія дыярамы. Адна з із апавядае пра вячэру старажытных людзей
Біфштэкс з маманта зроблены з калоды
Старажытная жыхарка Юравічаў
Яшчэ адна дыярама, якая паказвае на паляўнічых каля ручаю з спанбонду
Перад саркафагам з рэальнымі рэшткамі старажытных жывёл барэльеф з выявай маманта
На прылеглай тэрыторыі гісторыя Юравічаў у драўляных фігурах: ад неандэртальца да езуіта
На свежых здымках бачная традыцыйная праблема з неўмацаванымі схіламі
Інфаграфіка каля музею не мае ні беларускай, ні англійскай версіі
Доўгі час каля музею стаяў шоў-кар мясцовага кулібіна. Зараз дзіўная канструкцыя знікла з поля зроку наведвальнікаў музею
Ці стане ўнікальны музей лепей? Пакуль у шматлікіх дэталях установа выдае, што дзесьці не хапіла грошай на густоўны праект і добрыя матэрыялы, а дзесьці — часу ці спецыялістаў. Застаецца спадзявацца, што ўнікальнае месца зможа падвысіць свой узровень і стаць сапраўднай пярлінай экскурсійных маршрутаў Гомельшчыны.
Флагшток