У Нароўлі працягваецца аднаўлення колішняга аазіса культуры Палесся — маёнтка Горватаў, лёс якога зламала бальшавіцкая рэвалюцыя 1917 года. Цяперашні ўласнік будынка, пісьменнік Андрэй Горват, распавёў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што ўжо ўдалося зрабіць і якія працы плануе выканаць у бліжэйшы час. Увосень пачалі накрываць дахам правае крыло палацу:
«Самае складанае было — аднавіць верх сцен. Па-першае, туды не было доступу, і давялося рабіць чардачнае перакрыццё. Па-другое, узнікалі праблемы і са спецыялістамі, і з будаўнічымі матэрыяламі. Па-трэцяе, пашкоджанні аказаліся больш сур’ёзныя, чым бачылася знізу (...) А яшчэ праект па рэканструкцыі/рэстаўрацыі ўсяго будынка. Да канца восені мы мусім зацвердзіць яго і прайсці экспертызу».
Цяпер перакрыцці ёсць амаль над усім палацам, сцены ўмацаваныя і гатовыя пад дах. Будынак цалкам расчышчаны, закуплены будаўнічыя матэрыялы, створаны поўны праект рэканструкцыі, які знаходзіцца ў Мінкультуры для ўзгаднення.
Фота: facebook.com/dziadzia.horwat
Пра маёнтак ужо распавядаў Флагшток. Гэта помнік архітэктуры позняга класіцызму сярэдзіны XIX ст., пабудаваны ў 1850 годзе ўладальнікам вакольных зямель заможным дваранінам Даніэлем Ігнатавічам Горватам. Як прыватная рэзідэнцыя і цэнтр вялізнага нараўлянскага маёнтка належаў роду Горватаў, меў прадметы мастацтва еўрапейскага значэння і з'яўляўся адной з самых шыкоўных і значных дваранскіх сядзіб у Мінскай губерні Расійскай імперыі.
Фота: facebook.com/dziadzia.horwat
Аднак пасля бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 года пачынаецца змрочная для маёнтка гісторыя — ён быў нацыяналізаваны савецкай уладай, усё ўбранне палаца было раскрадзена, а памяшканне перададзена пад агульнаадукацыйную школу.
Фота: facebook.com/dziadzia.horwat
Падчас Другой Сусветнай вайны палац моцна пацярпеў, пасля вайны будынак быў падлатаны і аддадзены пад дзіцячы дом. А пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС Нароўля трапіла ў заражаную зону, гарадскія ўлады так і не знайшлі сродкі для аднаўлення помніка архітэктуры, і ён ператварыўся амаль у руіны.
Але ў 2020 годзе маёнтак выкупілі на аўкцыёне ўласнік парталу «Моцныя навіны» Пятро Кузняцоў, каталіцкі актывіст-мецэнат Аляксандр Баранаў і пісьменнік Андрэй Горват. Апошні з таго часу і займаецца аднаўленнем будынку. Перыядычна пісьменнік распавядае на сваёй старонцы ў Фэйсбуку аб ходзе працы.
Фота: facebook.com/dziadzia.horwat
Нядаўна Беларуская Рада культуры звярталася з прапановай да ўсіх неабыякавых падтрымаць аднаўленне палацу і публікавала рэквізіты.