Замест урокаў — вытворчасць напояў і тытуню. У Гомельскай вобласці спрабуюць прадаць закрытыя сельскія школы і садкі

| Рэгіёны

Сельскія клубы, бібліятэкі, лазні і іншыя былыя аб'екты сацыяльнай інфраструктуры працягвае распрадаваць на аўкцыёнах «Гомельаблмаёмасць». Вёскі ў рэгіёне паміраюць, і адна з прычын гэтага — як лічыць частка мясцовых жыхароў — закрыццё сельскіх школ і дзіцячых садкоў. Гэта прызнаюць і мясцовыя ўлады. «Школа для населенага пункта — гэта нейкі сацыяльна-культурны цэнтр. Мы разумеем вашыя асцярогі, што з яе закрыццём можа паступова зачахнуць і сама вёска», — казала старшыня Гомельскага райсавета Вікторыя Ладуцька на сходзе ў Целяшах.

Аднак менавіта будынкі былых школ і садкоў найбольш часта сустракаюцца сярод прапаноў на электронных таргах. Некаторыя з іх не могуць прадаць гадамі. «Флагшток» зрабіў падборку закрытых школ і дзіцячых садкоў, якія прадаюць з аўкцыёну ў Гомельскай вобласці — іх больш за дзесятак толькі на бліжэйшых таргах.



Школа ў вёсцы Астражанка


Напрыклад, у вёсцы Астражанка Лельчыцкага раёна за двухпавярховы будынак сярэдняй школы плошчай звыш 1,5 тыс. квадратных метраў просяць амаль 107 тыс. рублёў. Сярод умоваў выкарыстання будынка былой школы — для «добраўпарадкавання тэрыторый для размяшчэння інтэрната, гатэляў, матэляў, кемпінгаў» і ў тым ліку для «вытворчасці прадуктаў харчавання, уключаючы напоі, і тытунь».

З тымі ж умовамі ў чарговы раз выстаўлена на таргі былая школа ў суседняй Буда-Сафіеўцы. Там будынак яшчэ большы — звыш 2,8 тыс. квадратных метраў, аднак цана зніжана ўжо на 80% — да 226 тыс. руб. На столькі ж зніжаны кошт на аб'екты і ў некалькіх іншых вёсках рэгіёну.



Садок і пачатковая школа ў вёсцы Старое Высокае


Часта былыя школы прадаюць усяго за адну базавую велічыню, і нават за такую сімвалічную цану не могуць знайсці пакупніка, таму будынкі працягваюць прастойваць і разбурацца. У прыватнасці, за 32 рублі прапануюць купіць былыя школы ў Ветчыне Жыткавіцкага раёна, Іванаўцы Буда-Кашалёўскага раёна, Харомцах і Забалоцці Кастрычніцкага раёна, Сякерычах Петрыкаўскага раёна. За такі ж кошт спрабуюць прадаць былыя дзіцячыя садкі — напрыклад, у Старой Будзе і Дзербічах Буда-Кашалёўскага раёна.



Садок у вёсцы Дзербічы


Афіцыйна пакуль не паведамлялася, у якіх яшчэ вёсках Гомельскай вобласці 1 верасня навучальны год не пачнецца. Так жа як і аб паспяховых інвестыцыйных праектах у будынках былых школ і садкоў.