Агітацыя «за выбары»: хто і навошта ладзіць пікеты па зборы подпісаў на Гомельшчыне

| Палітыка | 0

Выданні райвыканкамаў Гомельскай вобласці публікуюць фотасправаздачы з пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Пры гэтым падкрэсліваецца, што пікеты ладзяць у месцах, не забароненых рашэннямі выканкамаў, але некаторыя фотафакты сведчаць пра адваротнае.


Таму ў такіх умовах пікеты па зборы подпісаў носяць, хутчэй, прапагандысцкі характар. Акрамя імітацыі дэмакратыі, па сутнасці, іх агульная мэта — не столькі збор подпісаў, колькі агітацыя да ўдзелу ў выбарах, папулярызацыя дзяржсімволікі і пэўных партый ці арганізацый.

У сваіх справаздачах рэгіянальныя дзяржСМІ знарок не пішуць прозвішчаў прэтэндэнтаў, за якіх збіраюць подпісы, некаторыя нават блюраць на фота плакаты з іх дадзенымі — дэманструючы бачнасць непрадузятасці. Аднак амаль на ўсіх здымках відаць, ад якой партыі ці арганізацыі вылучаецца кандыдат  — як правіла, гэта «Белая Русь», БРСМ ці Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Такім чынам агітацыя праводзіцца за брэнд, а прозвішча канкрэтнага прэтэндэнта не мае значэння.


Пастановачны здымак пікету БРСМ у Жыткавічах. Фота: газета «Новае Палессе»


У некаторых выпадках відавочныя парушэнні пры зборы подпісаў. Напрыклад, газета «Маяк» Гомельскага райвыканкама апублікавала здымак пікету БРСМ з подпісам: пікеты праходзяць у месцах, не забароненых рашэннем выканкама. У той жа час на фота відаць, што збор подпісаў ладзяць проста ля ганку дзяржаўнай установы, хаця ў рашэнні Гомельскага райвыканкаму гаворыцца, што праводзіць пікеты забаронена на адлегласці, бліжэй 50 метраў ад будынкаў арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў.



Скрыншот пабліка газеты «Маяк»


Таксама ў рашэннях выканкамаў прапісана, што пікетаванне не павінна ствараць перашкоду пешаходам (у прыватнасці, гэта адзначана ў рашэнні Лоеўскага райвыканкама), але па здымках відаць, што нярэдка пікеты стаяць пасярод тратуараў, а ў тым жа Лоеве — проста пад дзвярыма мясцовага «Еўраопту».



Фота: газета «Лоеўскі край»


Нагадаем, Флагшток адзначыў парушэнне пры зборы подпісаў праўладнай арганізацыяй у Гомелі — пікет грамадскай арганізацыі «Белая Русь» парушыў адразу два пункты рашэння гарвыканкама.

Усяго, паводле афіцыйнай інфармацыі, у Гомельскай вобласці тэрытарыяльныя і акруговыя выбарчыя камісіі зарэгістравалі звыш 2,4 тыс. ініцыятыўных груп грамадзян па зборы подпісаў. Большасць — за прэтэндэнтаў на месцы ў сельскіх саветах. Сёлета ў парламент і мясцовыя саветы маюць магчымасць балатавацца толькі прадстаўнікі праўладных партый і арганізацый, а ўлада праводзіць ідэалагічную кампанію, накіраваную на заахвочванне выбарцаў да ўдзелу ў галасаванні.