Актывіста Валерыя Сляпухіна з суду забралі ў шпіталь

| Палітыка

2 верасня Гомельскі абласны суд разглядаў скаргу актывіста Валерыя Сляпухіна. У залі прысутнічалі і міліцыянты, якія намагаліся ўручыць актывісту чарговую позву ў міліцыю і забраць яго ў аддзел. 


Фота: Святлана Нарскіна, Радыё Свабода

«Валеру зрабілася блага — пачала адымацца адна рука, падняўся ціск, яму выклікалі „хуткую“», — паведаміла Свабодзе жыхарка Гомеля Святлана Нарскіна, якая была на судзе. 

14 ліпеня ў Гомелі праходзіла акцыя салідарнасці, на якой былі затрыманыя 20 чалавек, у тым ліку і Валерый Сляпухін. 15 ліпеня суд пакараў актывіста арыштам на 10 сутак. Гэта рашэнне суду 2 верасня Сляпухін абскарджваў у абласным судзе, які не задаволіў патрабаванні актывіста адмяніць пастанову, таму што не было доказаў супрацьпраўнай дзейнасці затрыманага. 

«Услед за Валерыем на судзе хадзілі міліцыянты. Нават бачачы, што яму блага і прыехала «хуткая», яны намагаліся ўручыць позву. Яна была на сёння, на 15 гадзін. Цяпер Валерый шпіталізаваны, бо ў яго высокі ціск», — зазначыла Святлана Нарскіна.


Радыё Свабода