Сёння на пляцоўцы каля Белтэлекама сабраліся прыхільнікі блогера Сяргея Ціханоўскага. Яны скандавалі «Стоп Таракан» і патрабавалі вызваліць Ціханоўскага і іншых відэаблогераў, якіх затрымалі напярэдадні.
Да натоўпу падышлі міліцыянты і праз гукаўзмацняльнік патрабавалі, каб людзі разышліся. Тады пратэстоўцы накіраваліся ўздоўж аблвыканкаму па праспекту Леніна. На шляху людзей пачаў хапаць АМАП і кідаць аўтобус. Затрымана блізу 25 чалавек. Разам з пратэстоўцамі былі затрыманы журналіст tut.by і «Камсамолкі».
Пасля брутальнага разгону прыхільнікаў блогера каля 15 чалавек арганізавалі варту насупраць Цэнтральнага РАУС Гомеля. Людзі дзяліліся ўражаннямі ад акцыі і чакалі навінаў пра затрыманых.
Малады хлопец:
- Дзеянні супрацоўнікаў былі надзвычай жорсткімі. Ясна, што яны выконваюць загад, але маглі б неяк лягчэй “прымаць”. Відаць, іх перад акцыяй начальнік настроіў, каб папалохаць народ.
Іншы ўдзельнік акцыі:
- Я, можна сказаць, сам трошкі пацярпеў, адчуў на сабе вагу амапаўскага берца. Калі нейкага хлопца валілі на зямлю кікбаксёрскай падсечкай, мяне зачапілі таксама. Я бачыў яшчэ, як адзін малады хлопец ударыўся аб асфальт галавой пры затрыманні…
Мужчына ва ўзросце:
- Што тут гаварыць! Каб было многа народу, яны не пасмелі б так збіваць людзей! Тут пытанне не да тых 40 чалавек, якія на плошчы сабраліся, а да таго паўмільёна гомельцаў, якія дома сядзяць!
Па стане на 20:10 журналісты вызваленыя, пазней была вызваленая частка затрыманых грамадзян.
Флагшток