Бацькам Сашы Віхора не аддаюць цела сына

| Палітыка

Бацькі 25–гадовага гомельца Аляксандра Віхора, які памёр пры нявысветленых абставінах пасля затрымання АМАП–ам у выбарчы вечар, дабіваюцца правядзення аб’ектыўнай судова–медычнай экспертызы. Яны мяркуюць, што іхняе дзіця як мінімум засталося без медычнай дапамогі, што прывяло да летальнага выпадку.


Фота з сямейнага архіву Віхораў

Маці памерлага Святлана Віхор не можа стрымаць слёз, распавядаючы пра акалічнасці здарэння:

  – Мой сын, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, здаровы паўнавартасны хлопец, кандыдат у майстры спорту, ехаў у дзень выбараў да сваёй дзяўчыны. Але мы жывём у Касцюкоўцы, гэта аддалены ўчастак горада, адтуль трэба рабіць перасадку. Калі ён ехаў, я патэлефанавала, Саша сказаў: “Мам, я пакуль еду ў транспарце, буду пераходзіць і табе ператэлефаную праз 10 хвілін”. Я яму пазваніла праз 20 хвілін і ўсё, што ён паспеў мне сказаць: “Мам, мяне запхнулі ў машыну з нейкімі яшчэ пацанамі і вязуць не ведаю куды”. І на гэтым сувязь абарвалася.


Саша з любімай сястрой Вольгай. Фота з сямейнага архіву Віхораў

 Сястра Аляксандра Віхора Вольга выказвае сваю здагадку, як магло ўсё здарыцца:

 – Ён, відаць, прыехаў у цэнтр. Гэта было каля 9-й вечара. Я так разумею, акурат былі ўсе гэтыя хваляванні, дэманстрацыі нейкія праходзілі, людзі выйшлі. Я дапускаю, што ён апынуўся ў эпіцэнтры падзей. Хлопец заўважны, крэпкі. Можа, выклікаў падазрэнне. Але я магу сказаць, што ён быў далёкі насамрэч ад палітыкі. Саша нават не пайшоў галасаваць, бо сказаў, што яму не цікава ўдзельнічаць у гульні з прадвызначаным рэзультатам

Цягам трох сутак родныя Сашы Віхора шукалі яго ў ізалятарах, аддзелах міліцыі і судах, але міліцыянты ніякай інфармацыі не прадастаўлялі. Калі ж бацькі вырашылі падаць заяву аб знікненні чалавека, міліцыянты за паўгадзіны вырашылі пытанне. У РАУС Чыгуначнага раёна міліцэйскае начальства пасля непрацяглых кансультацый запрасіла маці на размову.

Святлана Віхор:

– Калі я зайшла туды, мяне правялі ў кабінет, дзе загадзя стаяла шклянка вады. Я спачатку не даўмелася, навошта тая вада. Прыйшлі двое ў цывільным, якія пачалі здалёку распавядаць. Маўляў, разумееце, пры транспарціроўцы яму стала кепска, ён пачаў сябе неадэкватна паводзіць, таму яго адвязлі ў псіхіятрычную бальніцу. Яны пачалі распавядаць пра “дурку”, потым пра сухотны дыспансер. Я не разумела, якая сувязь паміж дзвюма бальніцамі. Я ў іх спытала: “Хлопцы, майго сына ўжо няма? Ён памёр?”. Потым у мяне пачалася істэрыка, у РАУС выклікалі брыгаду хуткай дапамогі.

Сваякі загінулага гавораць, што ў яго насамрэч былі праблемы з сэрцам (тахікардыя). Па гэтай прычыне Сашу не ўзялі ў войска.

Вольга, сястра Сашы:

– Што мы паспелі “накапаць” у выніку ўласнага расследавання, дык гэта тое, што пасля суда яму стала кепска. Магчыма, у аўтазаку яму стала кепска, ён прасіў пра дапамогу, хацеў свежага паветра. У яго было перадінсультны стан. Медыкі гавораць, што ў яго быў ацёк галаўнога мозга. Калі ён прасіў аб дапамозе, міліцыянты падумалі, што ён неадэкватна сябе паводзіць, таму павезлі ў псіхбальніцу. Лекар, які быў на прыёме, сказаў, што гэта не іх кліент, заявіў, што ў яго іншыя сімптомы. І тут у яго спыняецца сэрца. Яго хутка перавезлі ў суседнюю туберкулёзную бальніцу ў гадзіны 2 ночы ў стане клінічнай смерці, а ўжо ў раёне 4–й раніцы яго не стала.

Мама загінулага:

– Мы самі знайшлі свайго дзіцёнка ў моргу! Нам сказалі, што бачных слядоў ад пабояў не зафіксавана, толькі сляды ад кайданкоў. Але, ведаючы нашых сілавікоў, яны могуць біць так, што сляды застаюцца ўнутры арганізма: гематомы, пераломы… Я не сцвярджаю, што яго білі, але ведаю, што яны лупяць і дзяўчат, і хлопцаў без разбору. Як нам жыць далей, калі мы не ведаем, што з ім здарылася! Хаваць яго трэба, але нам трэба ведаць дэталі, высветліць, ад чаго ён памёр дакладна. Мы хочам, каб гэта было калектыўнае заключэнне. Я ішла паглядзець свайго сына. Можа, гэта не ён там ляжыць. Яны мяне мурыжылі паўгадзіны, сказалі, каб ехалі на Рабочую, 19, забіралі яго “ўпакаванага”. І без ускрыцця хавалі. Мяне ж хвалюе пытанне: “Мой сын не памёр, а загінуў”. Цяпер яны будуць рабіць усё, каб яго імя зняславіць, але ў яго бездакорная рэпутацыя, ён не курыў і не піў.

Аляксандр Віхор — 25-гадовы жыхар гомельскага раёна Касцюкоўка, які страціў жыццё падчас адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыях супраць фальсіфікацыі выбараў. Бацькам дагэтуль не выдаюць цела сына, сцвярджаючы, што заўважных слядоў пабояў няма.

Бацькі Аляксандра Віхора шукаюць сведкаў затрымання і тых, хто знаходзіўся з ім у аўтазаку. Рэдакцыя "Флагштока" просіць сведкаў здарэння звязацца з намі, мы перадамо кантакты родным Сашы. Пішыце паведамленні ў нашыя паблікі ў сацсетках. 


Флагшток