«Частка загіне на вайне, іншыя — у турмах, хтосьці прыстасуецца». Беларусы абмяркоўваюць, ці выязджаць з краіны і ці будзе «жалезная заслона»

| Палітыка

Дагэтуль невядома, колькі беларусаў пасля пачатку маштабных рэпрэсій вымушаны былі з'ехаць за мяжу — называюцца лічбы ў дзясяткі, сотні тысяч чалавек. А цяпер, пасля таго як анансавалі змены ў закон пра выезд з краіны, пачалі гаварыць пра пачатак «жалезнай заслоны» ў Беларусі.

Згодна з законапраектам, які будуць разглядаць у верасні, КДБ зможа абмежаваць выезд не толькі для тых, хто стаіць на прафілактычным уліку ў органах дзяржаўнай бяспекі, але і тым, чый «выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь». Выезд таксама забароняць тым асобам, у дачыненні якіх вядзецца адміністрацыйны працэс. Супрацоўнікам сілавых органаў можна будзе выехаць за межы Беларусі толькі па ўзгадненні з кіраўніцтвам. Таксама ў спіс неабходных дакументаў для выезду і ўезду ў Беларусь унясуць біяметрычны пашпарт.




Паводле юрыстаў праваабарончага цэнтру «Вясна», словы якіх прыводзіць «Свабода», абмежаванні могуць закрануць у першую чаргу актывістаў, а таксама палітычных зняволеных, якія ўжо адбылі свой тэрмін:

«У беларускім заканадаўстве нідзе не прапісана, што такое „інтарэсы нацыянальнай бяспекі“. Таму гэтая фармулёўка можа інтэрпрэтавацца шырэй ці вузей, і інтэрпрэтацыі могуць мяняцца з часам, падладжваючыся да бягучай сітуацыі.  З таго, што мы назіраем цяпер, новыя абмежаванні могуць закрануць у першую чаргу актывістаў і людзей, якія раней прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за выказванне сваіх думак і перакананняў, мужчын прызыўнога ўзросту, палітычных зняволеных, якія адбылі свой тэрмін».

Паводле юрыстаў «Вясны», прапанаваныя змены парушаюць беларускую Канстытуцыю, а таксама некаторыя нормы міжнароднага права.

Шырокае абмеркаванне тэмы ўзнікла на старонцы гомельскага актывіста і праваабаронцы Андрэя Стрыжака, кіраўніка фонда салідарнасці BYSOL. Ён заклікаў тых, «хто проста цяпер раздумвае пра тое, ці варта з'язджаць з краіны, раздумваць хутчэй».

Як лічыць праваабаронца, вайна ўжо ідзе і эскалацыя канфлікта і яго распаўзанне непазбежныя. На пытанне, куды змогуць выехаць 9 млн чалавек, Андрэй Стрыжак даў змрочны прагноз:

«Нікуды не выедуць. Застануцца ў акупацыі за жалезнай заслонай. Частка загіне на вайне і пры бамбёжках тылавых аб'ектаў. Частка згіне ў турмах і лагерах. А частка прыстасуецца».

Ён дадаў, што з кожным днем выезд з Беларусі робіцца ўсё больш складаным, і адзначыў, што  нікога не заклікае памяняць рашэнне застацца, але звяртаецца да тых, хто вагаецца і прымае рашэнне, бо «час працуе супраць нас».




У каментарах многія пагадзіліся з такім меркаваннем. Як адзначыў Алесь, «год таму Андрэй даў важную параду нашай сям'і — ні ў якім разе не вяртацца, і праз год ацэньваю прынятае тады рашэнне на 100% слушнае».

Сітуацыю, актуальную для многіх, апісала Святлана:

«Немагчыма страшную рэч вы сказалі гэтым допісам. Як з'ехаць, калі на руках бацька пасля інсульту? Як пражыць гэты час да гадзіны X, ведаючы, што трэба з'язджаць, але не мець такой магчымасці? Я таксама, да свайго жаху, разумею, што вялікая вайна непазбежная. Сваіх дзяцей угаворваю з'ехаць пастаянна, але яны лічаць мяне панікёрам, і я не ведаю, як да іх дастукацца. Я, магчыма, не ўмею аналізаваць, але вельмі востра, інтуітыўна адчуваю будучую катастрофу. Яна непазбежная, як бы мы не стараліся верыць у розум чалавека і справядлівасць свету».

У той жа час Дзяніс лічыць, што пытанне эміграцыі для многіх — гэта непад'ёмныя рашэнне, бо «калі людзі застаюцца ў гарадах, якія блакуюць і бяруць штурмам да апошняга, то што казаць пра сітуацыю ў Беларусі».


Сваё меркаванне выказалі і украінцы. Напрыклад, Ігар прагназуе:

«Не будзе поўнамаштабнай вайны на тэрыторыі Беларусі. Ну, будуць абстраляныя трохі вайсковыя базы і аэрапорты на поўдні. Але прасоўвання ўкраінскай арміі ўглыб РБ хутчэй за ўсё не будзе. ВСУ — не акупанты, а вызваляць Беларусь ад Лукашэнкі ніхто мандат Украіне не дасць, ды і цяпер не вельмі ўкраінцы гэтага і захочуць. Тое, што будзе чакаць РБ — жалезная заслона, і савок 2.0 у складзе Саюзнай дзяржавы».

У каментарах задаюцца і такімі пытаннямі, як могуць з'ехаць сваякі палітвязняў ці тыя, хто рызыкуе больш ніколі не пабачыць бацькоў-інвалідаў. «Сыход беларусаў нават без Майсея. Куда ісці? Але ж дзе тая зямля нашая, як не тут? Пытанняў шмат», — адзначае Марына.

Печатный орган Гомельского облисполкома захотел запретить обращения граждан из-за границы

| Палітыка | 0

Редакция «Гомельской правды» возмутилась иском, который подал гомельский правозащитник Леонид Судаленко против газеты. Пропагандисты считают, что право обращаться к госорганам должно быть не у всех.