Сёння Гомельскі абласны суд у СІЗА-3 прысудзіў палітвязням Ігару Лосіку, Дзьмітрыю Папову, Арцёму Сакаву, Міколу Статкевічу, Сяргею Ціханоўскаму і Ўладзімеру Цыгановічу ад 14 да 18 гадоў калоніі. Жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч расказала Свабодзе, што адбывалася ў судовай залі падчас абвяшчэння прысуду.
На судовае паседжанне пусцілі журналістаў дзяржаўных СМІ. Сёння ж міліцыянты папрасілі прыйсці ў РАУС незалежную журналістку Ларысу Шчыракову, ад раніцы не выходзіць на сувязь журналіст Яўген Меркіс
«Нас пусцілі ў залю. Праўда, надзіва, былі ня ўсе сваякі. Нас завялі туды самымі апошнімі. Пасадзілі ў першы шэраг, абвінавачаныя былі за нашай спінай, у клетцы. Мікола сказаў адразу, што прыйшоў туды толькі таму, што хацеў пабачыць жонку. Так ён дамогся, каб ахоўнік-спэцназавец адышоў. І Мікола мог мяне бачыць».
Па словах Марыны Адамовіч, усе абвінавачаныя выглядалі добра і трымаліся ўпэўнена, паводзілі сябе спакойна.
«Ціханоўскі сказаў, што за ўвесь час працэсу ніхто ня даў супраць іх паказанняў, — кажа Марына Адамовіч. — Я хачу перадаць гэтыя яго словы. Разумею, што для яго гэта было вельмі важна. Ніводзін чалавек за гэтыя амаль пяць месяцаў суду не даў супраць іх паказанняў. Верагодна, на працэсе былі нейкія сведкі».
Па словах Адамовіч, акрамя тэрмінаў зняволеньня, абвінавачаным таксама прысудзілі выплаціць суму памерам каля 2,5 мільёна рублёў у якасці кампенсацыі нібыта нанесенай шкоды.
«Пасля прысуду амаль усе абвінавачаныя нешта гаварылі, але нас усіх хутка вывелі з залі, — кажа Марына Адамовіч. — Хлопцы казалі, што не прызнаюць прысуд. Мікалай і Сяргей сказалі "Жыве Беларусь". Усё адбывалася хутка, на тле эмоцый мне цяжка цяпер узгадаць усё. Сяргей прысуд слухаў стоячы, але павярнуўся да суддзі спінай. Мікола нават не ўставаў. Ад суддзі яшчэ адзін хтосьці адвярнуўся спінай, але я не згадаю хто. Больш глядзела на Міколу».