У Гомельскім абласным судзе агучаны прысуд Ігару Галушку — палітзняволенаму, вядомаму арганізатару сплаваў і паходаў. Яго абвінавацілі ў тым, што са жніўня 2020 года па красавік 2021 года ў Facebook ён пакідаў допісы і каментары, негатыўна ацэньваючы прадстаўнікоў улады і Лукашэнку.
Крымінальную справу разглядалі ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасці невядомыя — у прыватнасці, ці прызнаваў мужчына віну. Паводле паведамлення прэс-службы суда, Ігара Галушку прызналі вінаватым у абразе Лукашэнкі (арт. 368) і «распальванні варожасці па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці» (арт. 130), вырак — 2 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.
Гомельца затрымалі ў пачатку сакавіка, з гэтага часу ён знаходзіцца за кратамі, а напярэдадні пачатку працэса, 29 чэрвеня, адзначыў у СІЗА свой дзень нараджэння. Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу, аднак абскарджванне палітзняволенымі прысудаў, як правіла, нічога не змяняе — суд вышэйшай інстанцыі пакідае рашэнні ў сіле.