Гомельца, які вярнуўся дамоў з Украіны, асудзілі на 5 гадоў. Хроніка рэпрэсій у рэгіёне за тыдзень

| Палітыка

У Гомельскім абласным судзе 7 верасня вынеслі вырак 27-гадоваму Алегу Канавалаву. Пасля затрымання хлопца абвінавацілі ў тым, што ён з'яўляецца адміністратарам Youtube-канала з «экстрэмісцкім зместам», а пасля дадалі абвінавачванні ў тым, што праз сацсетку «ВКонтакте» ён «распаўсюджваў інфармацыю, накіраваную на нарошчванне антыдзяржаўных настрояў, распальванне агрэсіўнасці інтэрнэт-карыстальнікаў, гераізацыю дзеянняў жыхара сталіцы, які забіў летась супрацоўніка КДБ, прапаганду ўзброенага супраціва прадстаўнікам улады і праваахоўнікам, распальванне нянавісці і сацыяльнай варожасці». Аб гэтым піша газета аблвыканкама са спасылкай на прадстаўніка УУС Віталя Прыстромава.



Алег Канавалаў


У выніку суд прызнаў маладога чалавека вінаватым у «кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем, арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўным удзеле ў такіх дзеяннях», а таксама ў публічнай абразе Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады і распальванні сацыяльнай варожасці. Прысуд – 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, штраф у памеры 3200 рублёў і кампенсацыя маральнай шкоды на карысць пацярпелага міліцыянта 5000 рублёў.

Паводле звестак Флагштока, Алег Канавалаў дапамагаў валанцёрам падчас пратэстаў 2020 года ў Гомелі, а затым з'ехаў у Кіеў. У студзені 2022 года ён вярнуўся дамоў з Украіны праз Расію (гэта было яшчэ да пачатку вайны — межы былі адчыненыя), але сілавікі ўсё адно зафіксавалі яго месцазнаходжанне і затрымалі.

У апошнія дні ў Гомелі вынеслі яшчэ некалькі прысудаў па палітычна матываваных крымінальных справах. Да трох з паловай гадоў зняволення асудзілі 38-гадовага таксіста і валанцёра Алега Храмых — за фіксацыю перамяшчэння тэхнікі расейскіх агрэсараў па Гомелі. Яго абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» — мужчына адправіў фота ваеннай тэхнікі на «забаронены тэлеграм-канал».



Алег Храмых


На два гады калоніі агульнага рэжыму асудзілі Мікалая Дземчанку, затрыманага па абвінавачванні ў абразе прадстаўніка ўлады і распальванні сацыяльнай варожасці — на падставе каментара ў сацсетцы адносна гібелі ў Менску ІТ-спецыяліста Андрэя Зельцара і супрацоўніка КДБ. Вырак вынес суддзя суду Навабеліцкага раёна Аляксандр Зінчук.



Мікалай Дземчанка


Гэты ж суддзя па тых жа абвінавачваннях асудзіў на паўтары гады зняволення Віталя Марухленка, паведамляе «Гомельская вясна».



Віталь Марухленка


А напярэдадні стала вядома, што суддзя Гомельскага абласнога суду Анатоль Сотнікаў пакараў 6,5 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму 19-гадовага Іллю Верамеева — за паведамленні ў групавым чаце. Там хлопец, меркавана, выказваў сваю рэакцыю на распачатую ўзброенымі сіламі Расіі вайну ва Украіне, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.



Ілля Верамееў


9 верасня ў Гомельскім абласным судзе распачнецца суд над мазырскім эка-актывістам Паўлам Наздрой, якога абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкаму фарміраванню» — за перасылку інфармацыі пра перасоўванне расійскіх войскаў у Мазыры тэлеграм-каналу «Беларускі гаюн».

Нагадаем, па тым жа абвінавачванні Гомельскі абласны суд асудзіў 31-гадовага digital-мастака Віктара Кулінку да 3 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Як ужо распавядаў Флагшток, на аналагічны тэрмін адправілі за краты палітзняволенага стваральніка Telegram-канала Мікіту Слепянка паводле абвінавачання ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраванні ім.

Печатный орган Гомельского облисполкома захотел запретить обращения граждан из-за границы

| Палітыка | 0

Редакция «Гомельской правды» возмутилась иском, который подал гомельский правозащитник Леонид Судаленко против газеты. Пропагандисты считают, что право обращаться к госорганам должно быть не у всех.