Гомелец, асуджаны за стварэнне ТГ-канала: «Хачу называцца беларусам, жыць у гэтай краіне, якую люблю, і з'яўляюся патрыётам»

| Палітыка

6 верасня суддзя Гомельскага абласнога суду Ілля Бягун асудзіў палітзняволенага стваральніка Telegram-канала Rezystans Мікіту Слепянка на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачання ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраванні ім (ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса). Таксама суддзя пастанавіў сканфіскаваць у даход дзяржавы мабільны тэлефон Мікіты. «Гомельская вясна» цытуе, што сказаў хлопец у апошнім слове перад прысудам.




«Я за кратамі ўпершыню. Даводзіцца бачыць у гэтай клетцы маладых людзей: мне 22 гады, а ім па 20, па 18. Іх лічаць тэрарыстамі, экстрэмістамі, дэструктыўнымі элементамі. Я не ведаю, чаму такія людзі апыноўваюцца тут, чым яны кіруюцца і ці ставіць хаця б нехта сябе на нашае месца.

Як чалавек, які знаходзіцца тут, я магу сказаць, што мы такія ж беларусы, як і тыя, хто па той бок кратаў – маладое пакаленне, каму жыць у гэтай краіне і будаваць яе, рабіць нешта для яе, ствараць свае семʼі, захоўваць сваю незалежнасць – сапраўдную і нефармальную, захоўваць сваю мову, культуру, гісторыю. Для гэтага нам даводзіцца сядзець тут, бо мы проста выказалі сваё меркаванне. Мы – людзі, якім тут так ці інакш жыць і так ці інакш нешта казаць. Выказваем кожны па-свойму, каб людзі ў краіне сапраўды ведалі што думае сучасная моладзь.

Я хацеў бы сказаць, што ёсць і іншая моладзь – прагрэсіўная, шчаслівая, якая абсалютна не бачыць ніякіх праблем. Але, пры гэтым, ведаючы большасць сваіх знаёмых і назіраючы тут, у турме – я так разумею, што большасць людзей не мае асаблівых планаў і не ведаюць, чаго хочуць ад гэтага жыцця.

Але калі размова пра мяне – то я дакладна ведаю, чаго хачу ад жыцця: я хачу называцца беларусам, жыць у гэтай краіне і сапраўды нешта рабіць для яе. Не толькі для самога сябе, але і для сваёй краіны, якую я сапраўды люблю і зʼяўляюся патрыётам. Ці будзе ў мяне такая магчымасць – гэтага я ведаць не магу. Хацелася б верыць, што так. І хацелася б верыць, што калі я выйду адсюль – Беларусь будзе заставацца Беларуссю. Не гледзячы ні на што».

Мікіта Слепянок мае патрэбу ў падтрымцы, адзначаюць праваабаронцы. Хлопцу здаецца, што за кратамі ён сам насам з уласнымі праблемамі і ніхто пра яго не памятае. Падтрымаць Мікіту можна лістом:

Слепянку Мікіту, СІЗА-3, вул. Кніжная, 1А, г. Гомель, 246003.