Пастара гомельскай царквы хрысціянаў поўнага Евангелля «Жывая вера» Дзмітрыя Падлобку выклікалі ў міліцыю для складання пратаколу за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Такім парушэннем адміністрацыйнага кодэкса палічылі ў міліцыі абрад воднага хросту, які правёў пастар, не запытаўшы на гэта дазвол уладаў, паведаміла мінская супольнасць пратэстанцкіх вернікаў «Новае жыццё».
У 9.00 28 ліпеня Падлобка павінен быў з'явіцца ў міліцыю для складання пратаколу і далейшага суду. І ўжо позна ўвечары ён напісаў на сваёй старонцы, што правёў у міліцыі і судзе ўвесь дзень і ў выніку атрымаў штраф у 20 базавых велічынь:
«Калі мяне везлі ў суд, то побач са мной у міліцэйскай машыне сядзеў зусім юны хланчына ў кайданках, які, як я зразумеў, ужо правёў суткі ў камеры за нейкі палітычны рэпост. Ён быў вельмі падаўлены і, здавалася, зламаны псіхалагічна. У вачах не было ніякай надзеі. У духу я выразна адчуў, што павінен яму расказаць пра Бога. Пачаў з ім размаўляць, пазнаёміўся», — распавёў пастар і дадаў, што памаліўся за хлопца, а затым даведаўся, што таго адпусцілі пасля суду, які таксама прызначыў штраф.
Напярэдадні на сваёй старонцы Дзмітрый Падлобка так пракаментаваў выклік у міліцыю:
«Я буду працягваць прапаведаваць Евангелле і хрысціць людзей у любым месцы, дзе гэта трэба і магчыма, бо гэта загадаў мне рабіць мой Гасподзь Ісус Хрыстос! Ні адзін закон і ні адзін чалавек не павінен спыніць царкву ад гэтай місіі! Так, коштам такой пазіцыі могуць быць штрафы, суды і ганенні на царкву. Такая рэальнасць свету, у якім мы жывем. Але я не магу і не буду па іншаму! Я не змагу падпарадкавацца гэтаму нячыстаму духу, які стаіць за сістэмай гэтага свету, які хоча заткнуць царкву ў чатыры сцяны, каб мы сядзелі ў сценах дазволенай для малітвы тэрыторыі і не высоўваліся!»
Абрад воднага хросту ў гомельскай супольнасці «Жывая вера» ладзяць перыядычна на працягу ўжо многіх гадоў, у тым ліку — у рацэ Сож.