Грамадзянку Украіны — за шпіянаж, хлопца з Петрыкава — па 10 артыкулах. Два «палітычныя» суды пачаліся ў Гомелі

| Палітыка

У Гомельскім абласным судзе 15 лютага пачаліся два новыя палітычныя працэсы. Абодва адметныя. У першым выпадку па абвінавачванні ў шпіянажы судзяць грамадзянку Украіны Наталлю Захаранка. У гэты дзень ёй як раз споўнілася 44 гады. Пра затрыманне жанчыны Флагшток паведамляў паўгады таму — з таго часу пра яе нічога не было вядома, пакуль у раскладзе паседжанняў суда не з'явілася яе прозвішча.


Наталля Захаранка. Фота з яе старонкі Укантакце


Як піша «Наша ніва», жанчына яшчэ да вайны часта наведвала Беларусь — падпрацоўвала гандлем на гомельскіх рынках. Але пасля расійскага ўварвання яна пачала дапамагаць бежанцам ды перасяленцам з Украіны. Перавозіла людзей у ЕС і ў Беларусь, перадавала для сваякоў, якія завіслі ў Беларусі, грошы, лекі і дакументы.

Ва ўкраінскіх медыя яе называлі валанцёркай. Вядома, што яна ездзіла ў Беларусь на ўласнай машыне. Сувязь з ёй знікла 19 ліпеня 2023 года, амаль адразу пасля таго, як яна прыехала ў Беларусь.

Абвінавачваюць яе ў шпіянажы — гэта асабліва цяжкі артыкул, па якім могуць прызначыць ад сямі да пятнаццаці гадоў турмы. Разам з Наталляй судзяць яе знаёмую Ларысу Крупу за «неданясенне пра злачынства» — ёй пагражае да двух гадоў турмы. Працэс, які вядзе суддзя Анатоль Сотнікаў, праходзіць у закрытым рэжыме, таму грамадскасці не паведамяць пра абставіны справы.

Тое самае тычыцца і другога працэсу — над 28-гадовым жыхаром Петрыкава Іванам Сухамеравым. Яго судзяць адразу па дзесяці палітычных артыкулах (прычым, па некаторых артыкулах абвінавачваюць двойчы — па розных частках, таму ў цэлым — дванаццаць абвінавачванняў).


Іван Сухамераў. Фота з ягонай старонкі Укантакце


Верагодна, яго затрымалі пасля вяртання з-за мяжы, паведамляе «Наша ніва». Такую выснову можна зрабіць, мяркуючы па абвінавачванні. Сярод артыкулаў такія як «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 365 КК РБ), «удзел у тэрарыстычнай арганізацыі» (ч. 2 арт. 290-5), «удзел на тэрыторыі іншай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяннях, набор або падрыхтоўка людзей для такога ўдзелу» (ч. 1 арт. 361-3).

Таксама маладзёну інкрымінуюць «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1), «удзел у экстрэмісцкім фарміраванні» (ч. 3 арт. 361-1), «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361-4), «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367), «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2), «заклікі да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361) і «здзек з дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370).

Вядома, што Іван вучыўся ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце, пасля жыў у Гомелі. Выказваўся супраць дэкрэта аб дармаедах у 2017-м, а пасля ўварвання Расіі ва Украіну заняў праўкраінскую пазіцыю. У ягоных сацсетках таксама ёсць беларуская нацыянальная сімволіка ды рэпосты розных беларускіх ініцыятываў. Далей ягоныя сляды губляюцца — сацсеткі хлопца неактыўныя або выдаленыя. На ягонай ужо выдаленай старонцы Укантакце напісана, што хлопец жыў у Варшаве, але іншых сведчанняў пра гэта няма.

Як і Наталлі, Івану пагражае да пятнаццаці гадоў калоніі. Ягоную справу разглядае суддзя Сяргей Багінскі.

Печатный орган Гомельского облисполкома захотел запретить обращения граждан из-за границы

| Палітыка | 0

Редакция «Гомельской правды» возмутилась иском, который подал гомельский правозащитник Леонид Судаленко против газеты. Пропагандисты считают, что право обращаться к госорганам должно быть не у всех.