«Яна і ў няволі адчувае сябе свабоднай». Сталі вядомы ўмовы ўтрымання ў гомельскай калоніі Марыі Калеснікавай

| Палітыка

Працуе швачкай пазменна па восем гадзін, астатні час — палітінфармацыя і іншае «выяданне мозгу». На чытанне ў суткі — пятнаццаць хвілін. Паўгадзіны на шпацыр. Гэта — умовы ўтрымання ў гомельскай жаночай калоніі палітзняволенай Марыі Калеснікавай. Такая інфармацыя з'явілася на старонцы вядомага ізраільскага арт-тэрапеўта Алены Макаравай, якая распавяла, што змагла даведацца некаторыя падрабязнасці аб тым, як утрымліваюць Марыю Калеснікаву за кратамі.




Яна дадала, што ў камеры 18 чалавек:

«Двухпавярховыя нары, на іх спяць 17 крымінальніц і адна палітычная Маша з жоўтай нашыўкай на вопратцы. Сукамерніцы яе цураюцца. Яна — той самы грэх, ад якога трэба трымацца далей. У кожнай камеры — па адным «палітзлачынцу», ім забаронена мець зносіны паміж сабой нават на прагулцы».

Паводле допісу, Марыі Калеснікавай дазволена атрымліваць пасылкі 4 разы на год па 50 кілаграм:

«Іх ёй прывозіць тата, але яго яна не бачыць. Спаткання з татам — раз на тры месяцы па гадзіне — праз шкло. 10 хвілін на тыдзень можна гаварыць з ім, але калі прагучыць нешта, што не даспадобы тым, хто праслухоўвае, размова перарываецца».

Алена Макарава дадала, што сябры спрабавалі перадаць Марыі дзіцячую цацку — флейту, ёй яе паказалі, але не выдалі:

«Яна прасіла ноты. Двойчы ўдалося пераслаць іх, перапісаныя ад рукі, ва ўнутранай частцы ліста. У апошні час лісты ад сяброў да Машы не даходзяць. І ўявіце сабе, Маша не адчайваецца. Яна напоўненая ўнутранай сілай, і з засценку падтрымлівае бацьку і сястру. Як падтрымлівае, чым? Любоўю і нязломнай усмешкай. У ёй такі стрыжань, што яна і ў няволі адчувае сябе свабоднай».

Нагадаем, кіраўніцу штабу Віктара Бабарыкі на выбарах 2020 году флейтыстку Марыю Калеснікаву схапілі і спрабавалі прымусова вывезці за мяжу, але Марыя парвала свой пашпарт і вярнулася на тэрыторыю Беларусі. У выніку яе асудзілі ў закрытым рэжыме на 11 гадоў калоніі.

Печатный орган Гомельского облисполкома захотел запретить обращения граждан из-за границы

| Палітыка | 0

Редакция «Гомельской правды» возмутилась иском, который подал гомельский правозащитник Леонид Судаленко против газеты. Пропагандисты считают, что право обращаться к госорганам должно быть не у всех.