16 лістапада Гомельскі абласны суд (суддзя Аляксей Хлышчанкоў) прызнаў Крысціну Чаранкову з Мазыра вінаватай у «распальванні варожасці» (частка 1 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу) і асудзіў на 2,5 года калоніі, паведамляе Свабода.
Крысціну, вядомую ў Мазыры музыку і антыфашыстку, затрымалі 23 сакавіка 2022 году. Дзяўчыну абвінавацілі ў тым, што яна «пісала ў Іnstagram у 2020 годзе такія выразы, як „Поздравляю белоруских милиционеров с их Дном“, „Общеизвестный факт — мусора хуже г... на“, „Хороший мент — мёртвый мент“ і іншыя. Допіс „Мусора хуже г...на“ атрымаў паўтары тысячы падабаек».
«Пісала на эмоцыях. Калі б я ведала, што за гэта будзе крымінальная адказнасць, то не пісала б», — давала паказанні абвінавачаная.
Дзяржаўнае абвінавачанне ў спрэчках бакоў запрасіла для Крысціны 3 гады калоніі. У сваім выступе прадстаўніца пракуратуры выказалася, што абвінавачаная «у сваіх дзеяннях мела дэструктыўную накіраванасць, што пацвярджаецца вынятай на вобшуку апазіцыйнай сімволікай».
Экспертыза не прызнала, што допісы Крысціны мелі пабуджальны характар, толькі зазначыла, што ў допісах яна «негатыўна ацэньвала групу асоб, аб’яднаных па прафэсійнай прыкмеце «супрацоўнікі органаў правапарадку». Таксама, згодна экспертызе, абвінавачаная «негатыўна ацэньвала групу асоб, аб’яднаных па прыкмеце „прыхільнікі Лукашэнкі“». У допісе «Кароль-та голы» абвінавачаная, згодна экспэртызе, «негатыўна ацэньвала асобу, названую прэзыдэнтам».
У сваім апошнім слове на працэсе Крысціна Чаранкова сказала, што негатыўна ставіцца толькі да нацыстаў і фашыстаў. Крысціна цалкам прызнала віну і зазначыла, што такія допісы яна зрабіла, бо апошнія два гады была ў цяжкім эмацыйным стане. Негатыўна выказалася ў бок «прыхільнікаў Лукашэнкі» таму, што яны на пэўным тэлеграм-канале распаўсюдзілі яе асабістыя дадзеныя і абразы ў яе бок.