Праваабаронца Леанід Судаленка ў каментары сайту “Гомельская Вясна” адзначыў, што, паводле ягонай інфармацыі, крымінальная справа ў дачыненні да вядомай мастачкі і актывісткі Марысі Тульжанковай на гэты момант не заведзеная:
— Зараз Марыя знаходзіцца ў гомельскім ІЧУ, учора там ад яе маці прынялі перадачу. Па звестках са Следчага Камітэту, крымінальнай справы на яе няма. Учора і сёння да абеду у суд па адміністрацыйнай справе яе не прывозілі. Адвакат гатовы пайсці да яе ў ІЧУ, але ў сувязі з каронавіруснай інфекцыяй да затрыманых па адміністрацыйных справах абаронцаў не пускаюць. Заўтра завяршаецца 72-гадзінны тэрмін затрымання, яе павінны ці адпусціць, ці прад’явіць абвінавачванне.
Нагадаем, 12 кастрычніка вядомую ў Гомелі мастачку Марысю Тульжанкову даставілі ў абласную ўправу Следчага Камітэту нібыта на падставе заведзенай крымінальнай справы па арганізацыі масавых беспарадкаў (частка 1 артыкула 342 КК). У той жа дзень у кватэры гамяльчанкі быў праведзены ператрус з канфіскацыяй ноўтбука і мабільнага тэлефона.
У апошні год Марыся Тульжанкова вучылася ў адным з універсітэтаў Польшчы. Калі ў Беларусі распачаліся пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў, яна вярнулася на радзіму. 28 жніўня дзяўчыну ўжо затрымлівалі міліцыянты ў 17-м мікрараёне за тое, што падчас акцыі яна трымала ў руках шарык.
15 кастрычніка Суд Цэнтральнага раёну (суддзя Восіпава) прысудзіў гомельскай мастачцы Марысі Тульжанковай 15 сутак арышту за ўдзел 30 жніўня ў акцыі пратэсту (арт. 23.34).
Флагшток